— Табе жарты ўсё.
— Якія там жарты.
— Дзе бачыў! Я па гадах і не стары, але — жывецца так, валочышся вечна па свеце. Ці тут у цябе якая-небудзь работа мне знойдзецца?
— Чаму не.
— То пастаў мяне, браце, дзе-небудзь на работу, па маёй сіле, і каб прытуліцца дзе.
— Займай якую-небудзь тут кулацкую хату, ні Богараўскіх, ні Сцепуржынскіх даўно ўжо тут няма.
— А хіба хаты пустуюць?
— Некаторыя пустуюць. Дзве брыгады рабочых перабраліся ў баракі, па той бок лесу, цэглу рабіць будуць. Хаты запуставалі.
— То ты хіба, братачка, выдай мне хату Богараўскага. Не таго, што над рэчкай, а таго, што туды, пад дарогу. Ведаеш якога? Таго, што з індыком біўся.
— Ну, добра, — зарагатаў Несцяровіч. — Ты нейкага індыка памятаеш. Я пазабываў усе гэтыя інтарэсы.
— Ну, у цябе галава іншым забіта.
Тут кравец пачаў прыглядацца да Зосі і раптам пазнаў:
— І вы тут? На судзе былі? Прышлося вам! Бывае не пашанцуе чалавеку. (Павярнуўся да Несцяровіча.) Некалькі тыдняў таму я-ж у іх начаваў у хаце. Хто гэта мог думаць. От-бо ўсё на свеце круціцца.
Кравец сеў за стол і як мае быць расклаў па стале капшук з махоркай, паперу і локці. Пасля доўгай паузы ён уздыхнуў і павярнуў твар да Зосі:
— Я вам у вочы скажу, хочаце сабе майце на мяне крыўду, хочаце не. Я такі чалавек. Я да людзей шчыры і хачу, каб і да мяне былі