— Назарэўскі паехаў, — гаварыў Несцяровіч, — на месца сваёй сталай працы паехаў. Але ён мне гаварыў пра вас. Калі вы захочаце астацца тут на работу, я вас заўсёды прыму. Нам работнікі патрэбны.
— Я з ім гаварыла, ён мне раіў астацца тут на работу. Гэта і праўда, мне туды варочацца, дзе гэтулькі было ўсяго… Але я не ведаю яшчэ, я вам напішу з дому, калі што якое, і вы мне адкажаце, ці можна прыязджаць.
— Можаце напісаць і я вам адкажу, але і без гэтага можаце заўсёды. Вы-б раздзеліся, а то яшчэ гадзіну чакаць. Да горада вас давязе наша грузавая машына, якраз праз гадзіну пойдзе.
У гэты момант у хату ўвайшоў кравец. Зосю, абкручаную вялікай хусткай, ён не пазнаў, а яна аж прыўстала з свайго месца: гэта нешта дзіўнае, гэты чалавек аж сюды з‘явіўся, як-бы нейкі лёс час-ад-часу ставіць перад яе вачыма гэтага чалавека.
— Здароў, братачка Антон! Ці пазнаў ты хаця мяне?
— Гэта ты, дзе-ж ты бадзяўся?
— Або ты не ведаеш майго рамяства?
— Э-э, лысіна ў цябе пабольшала. А сам — такі-ж рухавы. Пехатой усё ходзіш?
— Няўжо-ж так, як ты, на аўтамабілі. Хто гэта мог спадзявацца, што ты так выскачыш!
„Чорт яго ведае, усюды ён усіх ведае“ — думала Зося. :
— Хата твая здаецца растала?
— Як гэта ты дапусціў да гэтага? Я к табе і прышоў — будаўніцтва маю хату сплавіла, то ты-ж тут начальнік, дай мне які-небудзь прытулак.
— Ты ўжо можа другі раз ажаніўся?