— Чаму? Самы большы начальнік тут — гэта-ж ваш добры знаёмы.
— А хто?
— Несцяровіч.
— Антон? Не можа быць!
— От вам і не можа! Гэты самы, што мне гэтую сваю хату даўно ўжо аддаў. За вашу-ж яшчэ памяць, вы тут тады былі.
— Што я чую? Ён-то такі адразу ў рэволюцыю гэту быў, братачка, падаўся. То бач, як выбіўся. Хто смелы і ўвішны…
— Пагаварэце з ім.
— Дзіва што пагавару. Ну, а вы як жывеце?
— На работу хаджу, на будаўніцтва.
— А што робіце?
— Раней пры машыне стаяў — зямлю на канаве чэрпалі. А гэта — зараз мураваць пачнём.
— Вы хіба муляр?
— Э-э, тут усяму навучаць. На ўсялякую справу майстрам зробяць.
— А я тут, каб прышлося, мог-бы дзе прыстаць?
— Ці гэта-ж трэба яшчэ пытацца? Адно толькі ідзі, будзь ласкаў. Работу ў рукі дадуць і яшчэ падзякуюць.
— Дык-жа добра. Я пытаю, бо тутэйшых парадкаў не ведаю. Трэба будзе, мусіць, па сваёй сіле работу апытаць. Да Несцяровіча з‘яўлюся і… сказаць праўду — рамяство маё цяпер на заняпад пайшло. Можа пасля там, а цяпер — калгасы, знаеце, рэзрух…
— То гэта вы толькі з дарогі?
— З дарогі.
— Чаго-ж вы стаіце! Скідайце кажух, ды на печ лезце. Зараз перакусім чаго. Пакуль што асталёўвайцеся тут, што-ж рабіць, нейк-жа будзе