— Кравец дадому з‘явіўся. А думалі, што ён ужо навек асеў недзе жыць. Прышоў у сваю хату, а ад хаты толькі пустое месца асталося.
Кравец пачаў прывітвацца з сваімі тутэйшымі людзьмі і падняў такі гармідар, што старшыня зазваніў.
— Я знаў, што тут судзяць, — даводзіў кравец моцным шэптам, — скрозь гавораць, мне і не ў голаў, я яшчэ на людзях чуў, бяручыся дадому, спыніўся ў соўгасе за гарадком кажухоў колькі пашыць. А-ж цяпер, падыходжу сюды, бачу — небывалая тут будыніна і агонь гарыць. Я сюды — бачу — суд. Гэта клуб ваш? От-бо ўсё на свеце ідзецца, варушыцца сабе… Падамся хіба дадому, здарожыўся, знябыўся; падпалю ў печы якога ламачча і прылягу, няхай ногі адыйдуць.
Якраз абвясцілі перапынак, народ рушыў у дзверы. Кравец вельмі спрытна вынесся на двор і паклыбаў да свае хаты, пастукваючы палачкай па прыдарожным куп‘і. Да яго хаты адсюль было нешта з кілометр. Ідучы, ён разважаў:
— Як-бы там ні было, а ў сваёй хаце, то яно патом… Старая-старая хата, а ўсё-ж такі… То гэта Тварыцкі нарабіў?! Ай-яй, такі ціхманы чалавек, здавалася, і справядлівы. Каб хто сказаў, канаў-бы, а не паверыў.
Ён зірнуў перад сабой, правей знаёмага алешніка, і раптам змоўк і спыніўся. Пастаяўшы з хвіліну, ён азірнуўся ва ўсе бакі, загуўшы сабе пад нос:
— От што значыць не быць у сваёй старане доўгі час — забыцца можна, дзе твая ўласная хата стаіць. Чакай-жа, якое там к чорту забыцца! Унь алешнічак, а гэта сухі грунт, а унь — сасняк, а унь бярозка-каржачок, а унь Несцяровічава даўнейшая сяліба. А божачка, што за ліха, гвалт, хаты няма!
Ён рвануўся подбегам, паплёўваючы направа