Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

за сабою чалавечыя крокі. Ішоў з-пад свайго гумна сусед-каваль.

— Добра, што ты прышоў, а я ўжо баяўся, што на хутарах начаваць будзеш.

— А чаго ты баяўся?

— Як чаго? Граць танцы прыходзілі прасіць. Зараз пачнуць збірацца.

— Каб ты ведаў, як мяне нажахалі нядаўна на сцежцы каля пільні.

— Хто?

— Ведаеш, каго я напаткаў? Ярмаліншчыка з хутароў.

Каваль хапіў краўца за плечы.

— Не можа быць! То ён тут?

— Не маню. Казаў, што ўтрох зімуюць у пільні, і калі я каму пра гэта скажу, то галаву скруціць.

— А хто там больш з імі, не казаў?

— Пяруны, яго братачка, ведаюць, можа і казаў, але я калаціўся, як чорт пад крыжам, дык можа не дачуў усяго. Ды і не хачу я пра ўсялякае паскудства слухаць. Яшчэ ў бяду ўскочыш, няхай яны ў вір галавою ўскочаць.

— Хто?

— Я-ж кажу, усе гэтыя Ярмаліншчыкі, усе гэтыя, добра кажа… Ён казаў, што яны там утрох зімуюць.

— Няўжо ты думаеш, што ён табе будзе праўду гаварыць, — аж трос каваль за плечы краўца. — Ты раскажы, як усё там з табой было.

Кравец вельмі ахвотна расказаў, перадаўшы нават у асобах сваю гаворку з Ярмаліншчыкам. Выслухаўшы, каваль зашаптаў яму ў самае вуха:

— Які ты нездагадлівы! Ты пахітры розумам. Каб гэта было так, як ён гаварыў, то навошта-б ён табе прызнаваўся-б.