дым. „Печ-то там ёсць, — мільганула ў краўца думка, — але хто там яе паліць?“ Страх яго павялічваўся з кожнай хвілінай.
Тут нельга не сказаць пару слоў пра гэтага чалавека. Тып гэты сфармаваўся яшчэ да вайны. І фармаваўся ён, ходзячы па людзях і шыючы кажухі. Але па якіх людзях? Шыў ён кажухі найбольш па глухіх закутках, дзе аўчыны там на месцы радзіліся і там-жа гадаваліся. У каго няма аўчын сваіх, той бярэ ў багатага суседа на адработак. Сукно, шарачак і палатно там былі свае. З свайго тавару былі боты, з свайго лыка і лапці: хто што мог насіць. Ходзячы па гэтых кутках, кравец меў акругу для свае дзейнасці на вёрст больш як сто. Ён шыў кажухі і на Скуратовічавым хутары, ён бываў і ў другім баку, за гэтулькі-ж вёрст ад свае хаты. Зімовымі начамі ён праседжваў за работай да трэціх пэўняў; гэта быў у яго часамер; раз заспявалі трэція пэўні, то, значыцца, трэба класціся спаць. Гадзінніка ў такіх закутках ніхто не ведаў.
У тую хату, дзе кравец шыў кажух, кожны вечар збіраліся пасядзенкі: кравец ухітраўся і шыць і расказваць. А расказваць было што: ходзячы вечна па людзях, усяго наслухаешся. Ён пераносіў з адной мясцовасці ў другую і праўду, і выдумку; пускаў на людзі, а пасля нёс назад ужо ў новым варыянце, падхопленым ад сваіх-жа ранейшых слухачоў. І сам ужо не пазнаваў свайго апавядання. За свой век кравец наслухаўся ад людзей самых неверагодных і фантастычных апавяданняў пра ведзьмароў і чарцей, пра паноў і мужыкоў, пра папоў і ксяндзоў. Вядома, самае інтрыгоўнае было там, дзе апавядальнік фантастычнай таямнічасцю абставін і сітуацый распальваў нецярплівую цікавасць сваіх слухачоў аж да