Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кажухі. Кравец ішоў паўз абімшэлую пільню, ён выбіўся сюды, каб скараціць дарогу. Толькі што змеркла, чорны сілуэт запушчанай пільні ледзьве вырысоўваўся над ядлоўцавымі кустамі, сярод выносістых хвояў. Кравец ішоў паволі і, як заўсёды, моцна адхаркваўся і адплёўваўся. Ад сцежкі да пільні было крокаў пяцьсот. Кравец апошні раз харкануў і спыніўся на сцежцы якраз насупраць пільні скруціць папяросу. Раптам яму здалося, што каля пільні бліснуў на момант агонь.

— Ваўкі, падлы, збіраюцца, — мармытнуў сабе пад нос кравец і паддаў ходу. Крокаў цераз дваццаць яго ўзяў одум і ён замармытаў сабе пад нос: „агонь бліснуў занадта высока, як быццам у акне, а вокны ў пільні не нізка. У кожным разе воўчыя вочы так высока блішчэць не будуць. Што за ліха! У пільні агонь гарыць? Вокны-ж у пільні даўно пазабіваны дошкамі! Праз шчыліну свеціцца агонь? Хто-ж яго там можа паліць? Можа добрыя людзі разбіраюць сабе пакрысе будынак, а я нічога і не ведаю! Чаму-б, калі так, і мне бярвенняў з пяток не ўзяць? І ніякага граху не будзе“. Падумаў, чыя гэта пільня. Князь ставіў, а арандатар трымаў, чорт чорта знайшоў. А цяпер к чортавай матары пайшлі і адзін і другі, як вол языком злізаў абодвух… Што мелі гэтыя сцены гніць марна, то няхай лепш народу будзе… Хрр, цьфу!

Здорава харкануўшы, кравец надумаўся як-небудзь неўзаметку наблізіцца пад пільню і праверыць, ці сапраўды гэта людзі разбіраюць сцены і яму не кажуць. Ён падышоў крокаў сто і прыпёрся да хвоі; агонь у будынку бліснуў яшчэ раз і патух. „Праз шчыліну ў вокнах блішчыць“ — думаў кравец. І раптам яго апанаваў страх: ён выразна заўважыў, што з коміна ў пільні ідзе