Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Усюды гэтак, усюды адны руіны, — загаварыў Несьцер. — Вось я еду з Украіны, і, каб вы бачылі толькі, што там робіцца: масты паўзрываны, чыгункі папсаваны, вёскі папалены...

— Так, вядома... Але-ж у нас гэта зроблена куды мудрэй. Там прайшлі раз-два й толькі. А ў нас тут — насьціхана шэсьць гадоў тое й рабілі, што бралі, шукалі, даставалі й звозілі. Проста сэрца рвецца на кавалачкі, калі паглядзіш на край, якім ён стаўся...

— І якім-бы мог стаць, каб яго пакінулі ў спакою і аддалі людзям на адбудову, — уставіў Гарасім.

— Во-во, і я хацеў гэта сказаць, — падхапіў Шмуйла.

— А я бачу, што гаспадар карчмы ненарокам любіць наш край, хоць, здаецца, і няродны ён яму, — нясьмела праказаў Несьцер, баючыся, каб гэтым не пакрыўдзіць Шмуйлу.

Але той нават і намёку ня даў на крыўду: наадварот, гэта яго вызвала на выказ тых думак, якія, бадай, ці былі-б ім выказаны бяз Несьцеравых слоў.

— Братка ты мой, — поўным шчырасьці голасам завёў Шмуйла, — ці-ж можна наш край ня любіць? Дзе-ж ты найдзеш лепшых, спакайнейшых і працавіцейшых людзей? Дзе ты сустрэнеш выгляд лепшы, дабрату большую? Праўда, я родам ня згэтуль, але, дзякуй богу, жыву тут болей трыццаці гадоў. Ці-ж нельга прывыкнуць і парадніцца? Я ўжо пасьля першага азнаямленьня з людзьмі стаў сынам яго. Каму ці льга зжыцца, а чалавек нязлосьлівы, памяркоўны, ужыўчывы — хутка зжывецца. Так, я скора парадніўся і з краем, і з людзьмі. Скора й палюбіў іх.

Несьцер пільна выслухаў Шмуйлу, крыху памаўчаў, а потым к брату зьвярнуўся з гэткімі словамі:

— Вось чуеш, Гарасім, як людзі кажуць. Што-ж за наўда, калі я праз увесь час так моцна смуткаваў па бацькаўшчыне.

— Так, браце, смуткаваў і жалеў, што й выказаць нельга. Ні грукат гармат, ні жар зьмаганьня, ні страх перад сьмерцю не маглі заглушыць гэтага болю. Ідзеш у наступ, вакол сыплюцца кулі, разрываюцца снарады, сьмерць глядзіць у вочы, а сэрца так і ные, так і ные — дадому ймкнецца: хоць-бы паглядзець на сваіх людзей, пагутарыць на сваёй мове, пабываць у лясох, на палёх... Хоць-бы сабе й сьмерць — але пасьля пабыўкі дома... І гэтак праз увесь час, праз цэлых чатыры-пяць гадоў. Ссох, сьпятрэў у журбе па дому.

У гэты час дзяўчына прынясла самавар.

— Прачакаліся, мужчыны, — сказала яна, ставячы яго на стол.