Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дадому, спачыўшы? Яшчэ цэлых дваццаць вёрст, а тут, хто яго ведае, мо‘ й небясьпечна? — запытаў Гарасім.

— Праўду табе сказаць, я ўжо ўтаміўся. Еду з Севастопалю і вось болей тыдню, як не паспаў і не паеў палюдзку. Памойму, варта было-б супачыць, калі знойдзецца на чым. Гэта выгадней і таму, што мы прыдзем днём, а ня ноччу, — адказаў Несьцер.

— Нічога проці ня маю. Гарбаты-б папіць...

Яны падыйшлі к карчме. Сабака сьціх брахаць. Ля варот стадолы стаяла маладая жыдовачка і пільным поглядам аглядзела Грэбеняў. Несьцер з хвіліну ва ўпор паглядзеў на яе, і ў яе твары ўгледзіў штосьці знаёмае.

— Можна зайсьці да вас? — дабрадушна запытаўся ён.

Жыдовачка ўхмыльнулася і мякка, гасьцінна адказала:

— Калі ласка!

— А мо‘ й пераначаваць можна будзе?

— Там пабачым, — ахвотна адказала яна.

Грэбені ўверана адчынілі дзьверы і ўвайшлі ў карчму. 1м дыхнула густым цёплым паветрам, перапоўненым дымам. Была пятніца і зайшоў шабас, так што на стале гарэлі сьвечкі, і стары гаспадар карчмы, як пазналі яго з першага-ж погляду Гарасім і Несьцер, згорблены Шмуйла сьлібізаваў модлы. За сьценкаю ў каморцы крахцела яшчэ адно старое. Два хлапчукі, адзін ужо дзяцюк, і дзьве сталыя дзяўчыны бегалі з каморкі ў каморку. Лазіў па хаце і віляў хвастом пярэсты сабака, той самы, што брахаў на Грэбеняў. На лаўках сядзела з пяць сялян у жоўтых кажухох, падпяразаных саматканымі паясамі; усе яны трымалі ў зубах люлькі, маўчалі і пускалі на хату гібель дыму ад свойскага „багданчыку“ і „мультану“. Раз-по-разу сяляне азіраліся ў вокны і адзін другому нашэптвалі штосьці на вуха.

— Дзень добры ў хату!..

— Добры вечар! — паправіў Гарасім.

— Добры вечар! — адказаў Шмуйла, не пакідаючы маліцца.

Месца сядзець хапала, і абодва Грэбені ўселіся.

— Ці нельга было-б папрасіць гарбаткі? — пераняўшы дзяўчыну, запытаў Несьцер.

— Можна, зараз, — адказала тая, мякка ўхмыльнуўшыся. Несьцер пачаў разьвязваць клунак. Гарасім моўчкі сядзеў і сачыў нязьмігутна за гарэньнем сьвечак.

Тымчасам Шмуйла кінуў маліцца і сеў за стол. Адна з дзяўчат падбегла к сталу, заслала абрус і пачала гатавацца к вячэры. Шмуйла адламаў кусочак хлеба і, жуючы, пачаў глядзець на хату.