бацькі, а й немцы... Ух, нагаварылі на мяне ўсе гэтыя Цьвіркі, Ласы, Цьмені, што я ня толькі бальшавік-камісар, але й самы старэйшы з бальшавікоў. А немцам было гэта наруку; ды яны ўжо да майго звароту забралі ў бацькі карову, дзьве авечкі, дзесяць пудоў збожжа і яшчэ гразіліся далей „падчышчаць“. Дык вось, не пасьпеў я ўвайсьці ў Верацёны, як мяне, раба божага, так і абламзалі. Замест дому, я мусіў першую-ж ночку начаваць у комэнданцкай. А далей... Пашлі дапыткі, адпраўка ў лягер, жыцьцё ў лягеры чуць ня цэлы месяц... Ай-яй! — Гарасім за галаву хапіўся, — колькі мукі перанёс... А потым, не знашоўшы віны, узялі і выпусьцілі. І я жыў пасьля гэтага ажно да наступу палякоў. Гаралі з бацькам два гады поле, кармілі жывёлу і — толькі. Немцы мала чапалі, а прыйшла Савецкая Ўлада, мы ўзялі яшчэ панскіх пяць дзесяцін засеялі. Так бы яно мо‘ і йшло-б, ды на бяду — гэтыя паны. Якраз у самае жніва так і пайшлі яны наступам. Усе ўцякаюць, савецкія работнікі выбіраюцца. Ня ехаць мне страшна, бо да гэтага і ў савет, ведаеш, мяне выбралі, і камісарам Зьліхоцкага маёнтку назначылі, ды ў дадатак, як казаў ужо, пяць дзесяцін панскае зямлі я для сябе падрэзаў і дрэва на гумно навазіў. Як-жа тут застацца!
— Вядома, вядома, — паддакваў Несьцер.
— І я выехаў разам з іспалкомам. Паехалі зноў у Смаленск, дзе я пражыў з месяц, а потым рашыў пайсьці ў чырвоную армію, на фронт, каб біцца з палякамі. Ведаеш, братка, неяк абуяла мною помста к паном за іх напад на наш край, і я ажно цэлы год быў у войску. Заўсёды меркаваў быць у першых радох. Хадзіў часта ў разьведку, ніколі не адставаў, каб не пайсьці ў наступ; з нейкай, ведаеш, нязьведанай ахвотай пёрся на паноў. Страляў з асобнай уцехай. Бывала, у разьведцы напаткаеш паноў і ўжо хіба, на іх шчасьце, куля праміне, або пасьпеюць схавацца. Заўсёды, як ішоў у наступ, прыпамінаў дзедавы сказы, як паны былі прыгоншчыкамі і зьдзекваліся над нашымі сялянамі. Эх, толькі гарыць, бывала, помста, чэшуцца рукі! Ніякага страху ня маеш, ідзеш. Пазнаў я ўсе мясцовасьці і каля Барысава і каля Ігуменя і каля Бабруйска. Часамі пройдзе тыдзень-другі бяз чыннасьці, і сам ня ведаеш, дзе дзецца ад нуды. Падыдзеш к камандзіру і дурыш яму голаву: „Таварыш камандзір! ці-ж ужо вайна скончылася, што мы так доўга аддыхаем? Ці мо‘ мы рашылі аддаць паном да Барысава і толькі далей ня пускаць іх, чакаючы пакуль яны пачнуць наступаць?“ Так скажаш камандзіру, а ён толькі ўхмыльнецца й адкажа: „Пачакай, Грэбень, яшчэ панюхаеш пораху. Вось ідзе вясна, пачнецца