лены імі, Несьцер пачуваў сябе ў нейкім надзвычайна маркотным становішчы, нудзеў і нявыразна глядзеў на ўсё тое, чым жыў да гэтага часу і да чаго імкнуўся.
— Таварышы, якая станцыя? — запытаў ён бяз адрасу, калі машына спынілася.
— Зябы! Зябы! — адказала разам некалькі галасоў.
Несьцер хутчэй падняўся і пасьпешна пачаў зьбірацца: адзеў шынэль, падперазаўся, узлажыў шапку і старанна завязаў два клункі; потым праверыў на лаўцы, ці не забыўся чаго, і, разьвітаўшыся з суседзямі, хутка выйшаў з вагону.
III.
На станцыі перад вачамі Несьцера паказаўся цяжкі малюнак. Калісьці, ён помніць, гэта станцыя была шумнай і бойкай. Новы, з чырвонае цэглы, мастацка зложаны будынак станцыі цешыў сваім прыгожым выглядам. Высока паднімалася, як вежа, вадакачка. Народу заўсёды так і кішэла. А цяпер... Ох-ха! Як нейкі забыты вартаўнік, стаіць пабітаю, пашарпанаю, з паваленаю страхою тая-ж вадакачка, а ад будынку станцыі — адны разьбітыя падмуры. Для прыпынку праяжджаючых зьбіты насьпех з дошчак барак. У вагонах месьціцца і білетная, і комэндант, і начальнік станцыі. Зусім выпадкова засталіся няпрыметныя лямпавыя ліхтары, якія маркотна сьвіраць то там, то сям на пушчэльным абшары. Несьцер, акінуўшы вачмі гэты абшар, неяк ужахнуўся. Праўда, ён скеміў, што гэта плён вайны, але хацеў праведаць, чыіх рук гэта праца: немцаў ці палякоў. Ён падыйшоў к двум чыгуначнікам, якія гутарылі паміж сабою, і запытаў:
— Скажэце, дзядзькі, хто гэта так пастараўся?
Адзін з чыгуначнікаў, рыжы дзядуля, ухмыльнуўся і адказаў:
— А ласьне ты, нябожа, нічога ня ведаеш?
— Не, дзедку, я здалёку вяртаюся і нічога ня ведаю, — адказаў Несьцер.
— Польскія паны, нябожа, усё гэта нарабілі. Ня толькі адны Зябы, а скрозь усе станцыі ў нашым краі дашчэнту зьнішчаны і зруйнаваны імі. Вось хоць-бы паехаць к Менску і далей — дык быццам ток навокала. Ня толькі станцыі, а ўся наша Беларусь цяпер — тыя-ж самыя Зябы — пустыр, руіны, ток. Паны, нябожа, пастараліся добра. Ой, як добра-а-а! Пакінулі аб сабе добрую памятку ў нашым народзе...
— Ах, погань ліхая, — абурана праказаў Несьцер.