НА РУІНАХ.
(Апавяданьне).
I.
Машына падыходзіла к станцыі Зябы; ход яе памаленьку сьціхаў.
Несьцер Грэбень ляжаў на верхняй лаўцы ў вагоне і думаў. У галаве яго зьбіраліся розныя думкі і ўспаміны аб тым, што ён бачыў і перажываў, пачынаючы ад дзіцячых гадоў і да апошняга часу. Выразьней усяго ўставалі перад ім вобразы перажытага за доўгія гады вайсковае службы: спачатку ў царскай арміі, а потым у чырвонай. Перад ім прамігнулі: царская вайна з усімі сваімі страхамі, першая і другая рэволюцыі, паўстанцкія атрады, вайна з Калчаком, Дзянікіным, Юдэнічам, і, урэшце, з Врангелем. Усяк здаралася. Шмат разоў жыцьцё вісела на валаску. Тухла вера ўбачыць бацькоў, брата, сястру. Што рабілася там, у яго краіне, Несьцер толькі дагадваўся з тых кароткіх і няпэўных чутак, якія вычытваў з газэт ці даставаў выпадкова ад таварышоў. Весткі гэтыя адрыўна, патрошку далятаўшыя да яго, казалі, што там далёка, на бацькаўшчыне, дзеецца нешта страшнае, што няма-ведама, ці застануцца жывымі бацькі, сваякі.
Кожны раз, дастаўшы сьвежую вестку з Беларусі, Несьцера ахапляла жаданьне вырвацца на які час і наведаць сваю краіну, але ён не хацеў дзеля гэтага выкарыстаць нячэсны спосаб, — прыкінуцца хворым, ці стаць дэзэртырам. Не! Несьцер быў чэсным чалавекам і чэсна адданым справе рэволюцыі салдатам. Думаючы аб доме і бацькох, ён чакаў гэткага выпадку, калі можна будзе бяз усякай шкоды для свае часьці выпрасіцца дамоў. Такі выпадак падышоў у той час, як чырвоная армія аслабаніла Крым ад Врангеля, і іх полк супыніўся ў Сэвастопалю, каб далей нясьці мірнае жыцьцё. У вадзін дзень Несьцер напісаў заяву політкому й копію камандзіру і праз некалькі дзён дастаў паўтарамесячны водпуск. З якою радасьцю ён сабраўся ў дарогу! Яго не палохалі ўсе клопаты