Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Анупрэй павесялеў, унутрана сьцешыўся крыху і задаволена дадаў:

— Я й ведаў, што ты справядліва рассудзіш. Але, прасіцьму цябе, пераканай, браток, і другіх, калі яны паднімуць на мяне лаянку... Ёсьць-жа ўсякія людзі...

— Я ня веру, каб хто што нядобрае падумаў на цябе... Ды ніхто й ведаць не павінен... Я, вось, і сам прыйшоў да цябе зусім не па гэтым... Я, ведаеш, хачу запытаць у цябе, ці нельга было-бы дастаць у цябе пілкі? Думаю пайсьці ў лес паставіць якую шурку дроў, пакуль гуляю... А ў цябе, здаецца, была пілка...

— Так, ёсьць недзе... я выскачу ў сенцы...

Анупрэй намерыўся йсьці, але знадворку стукнулі дзьверы, і ён спыніўся.

Пачакаў: у хату ўвайшла Луцэя.

— Дзень добры! — прывіталася з Ахрэмам, падазрона кінуўшы на яго порсткі пагляд.

— Адкуль так рана? — запытаў Анупрэй.

— На места бегала... Хлеба ня было ў хаце, — сухім голасам, не азіраючыся на Ахрэма, адказала Луцэя.

І, спусьціўшы хвілінку, дадала:

— Але, здаецца, рана, а людзі ўжо пасьпелі даняць.

Мужчыны настарожана паглядзелі ўбок Луцэі.

— У чым справа? — разам запыталі.

— Усё ў тваім паступку... штрэйкбрэхерам завуць... Сустрэла Кастуся Вілку і Боруха... Абудва з пенаю ў роце накінуліся на мяне...

Анупрэй зьбялеў ні-то ад сполаху, ні-то ад злосьці і, як-бы шукаючы падмогі, павярнуўся да Ахрэма:

— Чуеш, брат?

Ахрэму стала няёмка: Анупрэявы словы адначасова былі й глыбокім укорам яму за павядзеньне яго жонкі.

То, пэўна, пасьпела яна распусьціць чуткі па мястэчку.

Ахрэм пачырванеў ад няёмкасьці. І каб выйсьці з гэтага становішча, рашуча падняўся з месца, матнуў рукою і чуць ня крыкам выказаў:

— Яна не павінна была казаць! Я ўчора ёй рашуча забараніў. То чорт ведама што! Брахунцы! Самі маюць у бацькоў усё, а лаюцца.

Прайшоў сюды-туды па хаце, паглядзеў у вакно і адвярнуўся да Луцэі.

— Ня думай! — уважліва загаварыў да яе, — ня думай, су-