Анупрэй прачыніў вакно, каб паглядзець, ці ня йдзе, часамі, Луцэя. Паглядзеў управа — няма. Штось падштырхнула павярнуць голаў улева. Анупрэй раптам схамянуўся: недалечка, хат праз дзьве, ішоў Ахрэм Клін. Ня трэба было сумнявацца — да яго. Анупрэю зрабілася млосна: так рана — то пэўна знарок. Яго жонка ня змоўчала, го, гэткая язычніца. Нашчабятала, нябось, багата. Ужо ўсякія чуткі пойдуць... Чаго ня было — дададуць... У людзей языкі сьвярбячыя — адно крані — мянташкамі пойдуць.
Каб Ахрэм не падмеціў, Анупрэй выняў голаў з вакна, зачыніў яго на кручок і адыйшоў на хату.
Задумаўся, як і што гаварыць з таварышам. Трэба-ж апраўдвацца! Ды ёсьць важкія прычыны на гэта.
Анупрэй паглядзеў на пол, дзе варушыліся разбуджаныя дзеткі. Бацькаў пагляд, праведзены спадлоб‘я, сур‘ёзны, паказаўся дзеткам за нейкую пагрозу на іх з боку бацькі; яны прысьмірэлі і захуталіся ў акрывала.
Анупрэй скмеціў прычыну дзяцінага манэўру і спагадліва ўсьміхнуўся. „Бедныя дзеткі, усё з-за вас“, прапусьціў ён у думках; і ад гэтых думак, як ад выходнага пункту да далейшых роздумаў, накідаў рысы наступнай гутаркі...
Так і так. Ці-ж ёсьць праступак?
Увайшоў Ахрэм, і Анупрэй перарваў думкі: віноўна стаў наўпрост перад увайшоўшым таварышам.
— Ты, пэўна, не чакаў мяне, Анупрэй? — пацікавіўся Ахрэм.
— Н-не-э, — раптам адказаў Анупрэй.
— А вось я зайшоў, каб табе...
Анупрэй перабіў таварыша, ня даўшы таму дасказаць...
— Я ведаю, дзеля чаго ты прышоў... Тут ужо адкрытая справа, ясна. Але, слухай, братка, я йначай ня мог. Ня мог, даю табе таварыскае слова... Вось дзеці, — Анупрэй паказаў пальцам на пол, так прыпёрла, што бяз хлеба, бяз... І хапіла за горла пытаньне, як быць? Дапушчаць, каб уміралі, ці пайсьці на папрошную... Мучыла, паверыш, душу сузнаньне віны перад агульнай справай, але...
Ахрэм праслухаў Анупрэя, увесь час гледзячы яму ў твар і ловячы ў ім трывогу ды раскаяньне, пачакаў крыху і суцешна адказаў:
— Я сазнаю ўсё... Ласьне, думаеш, мне невядома тваё становішча? Тут цяжка ўстаяць... Я ўчора казаў жонцы сваёй: маўчы, тут не злачынства і ня здрада, а вымушае жыцьцё...