лопаеш! Хлеб на вуліцу цягаць! Расьцягалі ўжо ўвесь. Цягаеш два тыдні, а ў хату ніхто ня прыцягне. Няма ў мяне хлеба. Вось вернецца бацька — у яго папросіш.
Сьцёпка скрывіўся й заплакаў. Перш зацягнуў ён уголас, а пасьля, скмеціўшы злосны пагляд мацеры, прыцішыў голас; з яго вачэй кідаліся на стол буйныя празрыстыя сьлёзы, якія хлопчык часта пераймаў каравым рукавом кашулі. Луцэя ані не зважала гэтага і задуменна пазірала ў вакно. Але няўвага мацеры скрыўдзіла Сьцёпку і ён хутка зноў падняў голас. Луцэя не сьцярпела, адхілілася ад вакна й закрычала на сынка:
— Ну, а гэта што? Чаго хліпіш? Пугі, нябось, захацеў! Сьціхні, кажу табе! Маўчы!
Луцэя прытупнула нагою і паківала пальцам. Яна нават намерылася падыйсьці да Сьцёпкі, каб рукамі спыніць яго плач, але стук у дзьверы перапыніў яе. Луцэя спынілася на месцы й адвярнулася да дзьвярэй.
— Мамачка, га, мамачка, дай мне хлеба! Усе дзеткі на вуліцы ядуць хлеб і мне хочацца, — убегшы ў хату, пралепятала Стэпка.
— Ах на іх уселіха! — вылаялася Луцэя. — Якраз тады на іх прорва напала, калі нічога няма.
Не зважаючы на гэткую воражнасьць да сябе з боку мацеры, дзяўчынка пераказала просьбу хлеба і пачала чакаць яго ад мацеры.
— Атруты вам, на вас проглая, а ня хлеба! — яшчэ зычней вырачылася на дзяўчынку Луцэя.
Абураная гэтым, Стэпка сагнулася ў кручок і перабегла да стала ды прытулілася да братка.
— Чаму-ж вось Янку маці дала хлеба, а вы мне шкадуеце, — папракнуў Сьцёпка мацеру.
— Мне хлеба мама ніколі не шкадуе, — пахваліўся Янка.
— Твая маці багатая, у вас хлеба процьма, — спыніла яго Луцэя і, каб адвязацца ад дзяцей, дадала:
— Ідзеце, вось, гуляйце! Чаго вы таўчэцеся ў хаце ў пагоду? Марш, вон!
Янка, сьмяючыся, выбег з хаты, моцна бразнуўшы дзьвярыма. Сьцёпка з Стэпкаю асталіся. Луцэя вылаялася на дзяцей і зноў адвярнулася ў вакно.
Але стаяць спакойна не магла. Праз хвіліну яна вылезла з вакна, прайшла колькі разоў узад ды ўперад па хаце, пасьля прысела каля стала й пачала ў голас думаць: „Не, усё-ж крыку мала! Крыкам ды лаянкаю дзяцей не накорміш. І так цяжка глядзець на іх: сухія, блядыя, мізэрныя. Паглядзець на чужых,