ца чакаць“... Анупрэй кінуў вачыма на жонку: „А які яшчэ канец будзе, таксама пытаньне? Можа прабастуем яшчэ тыдзень-другі ці больш і нічога ня выйграем, а болей бяды наклічам. Ці раз ужо так траплялася: баставалі-баставалі — а пасьля на старых умовах назад да работы... Чаго добрага і цяпер можа так быць... Вось тады будзе-э!..
Анупрэй падняўся з услона і пачаў тупаць па хаце ўзад і ўперад.
Луцэя ўвесь час сядзела мэрам прыбітая да лаўкі і нязьмігутна сачыла паглядам у вадну кропку на вулічнай сьцяне. Спакойлівы выгляд яе твару, відаць было, стрымоўваў выраз глыбокага болю ў яе сэрцы.
Анупрэй некалькі разоў паглядзеў на жонку і за кожным разам усё бліжэй адчуваў на сабе яе перажываньні. Нарэшце ня вытрываў і пачаў казаць:
— Слухай, Луцэя, усё-ткі ты не гаруй так. Я пастараюся трохі грошы — мне Мэндаль Крупнік абяцаў пазычыць рублёў пяць. Ліха яго бяры — аддамо калі-кольвечы... Але-ж ты сама павінна ведаць, што пратрымацца да канца трэба. Пратрымаемся дружна — то выйграем, а выйграем — дык я буду зарабляць у тыдзень цэлых сем рублёў. Падумай толькі — чуць ня ў два разы болей, ніж цяпер... Усе зможам спагнаць за адзін месяц... Трэба дацярпець... Бачыш, я-ж не адзін такі: Пранук, Лейзар — таксама ня ў лепшых умовах.
Луцэя падняла голаў і паварушылася ўсёй постацьцю. Перад ёю прамігнула яскраваю палоскаю надзея; зьмякла сэрца і сьвяжысты подых прайшоў яе нутром.
— А ці хутка ты возьмеш у Мэндаля гэтыя пяць рублёў? — запытала яна мужа.
— Пэўна сёньня вечарам, або заўтра, — адказаў Анупрэй.
Луцэя яшчэ больш прасьвятлела.
— Я таму, Анупрэйка, пытаю, што на заўтра ў хаце ні капейкі не засталося; хлеба купіць незашта.
Анупрэй, як тупаў, так зразу і спыніўся сярод хаты: дагэтуль ён неяк ня верыў, што ў хаце дайшло да ніткі, а думаў, што Луцэя папераджае яго заўчасна, каб не дапусьціць да крайняга, пакуль цягнецца сяк-так.
— І хлеба, кажаш, няма? — спалохана прамовіў ён.
— Ня хлушу, Анупрэйка.
Нічога ня кажучы, Анупрэй надзеў шапку, ускінуў напашкі жукетку і павярнуў да дзьвярэй.
— Куды-ж ты? — спыніла яго Луцэя.
— Да Мэндаля пайду, — адказаў Анупрэй.