Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А то што за салдат? — робячы крок да стала, запытаў той-жа паляк.

Франусь міжвольна ўстаў з-за лавы і, не знайшоўшыся што адказаць, запыкаў:

— Я... учора я вярнуўся-а... з чырвонае...

— Як, як, як!!! — падхапілі ўсе трое палякоў і, абураныя да злосьці, кінуліся на Франуся, крычучы:

— Бяры да офэнзывы!

— Страляй яго!

— Бальшэвік паганы!

— Шпег!

Запалоханыя Доўбні згрудзіліся ў кучу і наперабой, путаючы словы і іх сэнс, пачалі разважаць абураных палякоў:

— Паночкі-ы, — казала Доўбніха, — Франуська мой толькі ўчора ноччу прыбег ад бальшавікоў... Ён іх ненавідзіць сам... Не чапайце яго, паночкі-ы...

— Ён будзе вам служыць... ён... — прасіў бацька.

Але палякі не ўважалі на нічога: схапіўшы Франуся, яны моцнымі таўхачамі папхнулі яго да дзьвярэй.

Старыя бацькі кінуліся цалаваць рукі палякам — тыя іх сярдзіта адпіхнулі, зачыніўшы дзьверы.

— Страляй яго! Да офэнзывы! — ня сьціхалі крычаць яны ў сенцах і вывеўшы Франуся на двор.

К хаце Доўбняў зьбеглася грамада вяскоўцаў. Многія пачалі закідаць за Франуся словы. Але яны былі гарохам у сьцену: палякі, не зварачаючы ні на кога ўвагі, адвялі Франуся ў офэнзыву.


Вечарам Даніла Доўбня з старшым сынам і жонкаю абягалі вёску, зьбіраючы подпісы пад прыгаварам аб вызваленьні Франуся. Ужо яны канчалі апошнія хаты, як спаткалі быўшага старшыню Васіля Путу, каторы з перапужаным голасам, весь у дрыготцы, перапыніў іх словамі:

— Даніла! Гапа!.. То-ж вашага Франуся застрэлілі!? Як вы дапусьцілі да гэтага?! Га!?