Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З многіх хат, асьмеліўшыся, выйшлі на вуліцу кабеты й дзеці. За імі паказалася некалькі старых.

— Хаця парадак які будзе! — паважна выказаўся стары Доўбня.


К паўдню, калі начны страх крыху прайшоў, у хаце Доўбняў канчаткова супакоіліся. Пасьля перажытага ня верылася, што ўсё абыйшлося добра. Тым болей цешыла ўсіх за Франуся, што ён вылузаўся ад бальшавікоў і не астаўся адрэзаным ад бацькоў. Цяпер, калі прыйшлі палякі, яны разьлічвалі на поўны спакой. Водлуг гэтага разьлічэньня і строілі пляны на будучае, радзячыся ўсёю сям‘ёю. Франусь меў першую скрыпку і ў сямейнай радзе настайваў рабіць па ягонаму разуменьню.

— Ты ўжо не спрачайся, Даніла, — перабівала гаспадара Франусёва маці, — Франусь не абмыляецца, калі так кажа.

Бацька згаджаўся, згаджаўся й Платон.

— Франусь сьвецкі чалавек!

Па гутарцы, у якой не прамінулі ніводнага хатняга пытаньня, нацешыўшыся ўволю нечаканым прыбыцьцем Франуся, Доўбні прыбраліся да полудшо.

Зарухалі па хаце, заклапаціліся.

Франусь з аблягчэньнем на сэрцы, разважным тонам у другі раз пачаў апавядаць аб сваім „паходзе на пабыўку“, як ён ахрысьціў свае ўцёкі з чырвонае арміі.

Хітрасьць і сьмікалка, чаго не шкадаваў для сябе Франусь, цешылі бацькоў да сьмеху.

— Ды ты ведамы ў нас, — прыгаварвала маці, — абы з якім розумам не ашукаць цэлае роты бальшавікоў. Сядайце-ж за полудзень, — звала яна ўсіх.

Але ня ўсьпелі ўсе засесьці за стол, як на двары за вакном пачулася польская гутарка. Чуваць было, што палякі робяць нейкі абход па хатах.

— Пэўна рэгістрацыю вядуць, — заспакоена сказаў Франусь, прымаючыся за міску.

— Так скора? Мо‘ хіба на пастой? — недаверна дадаў Франусёў брат.

Ніхто не паглядзеў у вакно.

А Доўбніха пайшла к дзьвярам, каб адчыніць і сустрэць палякоў.

— Тут чыя кватэра будзе? — пераступаючы парог, запытаў адзін з траіх палякоў.

— Гэта хата Данілы Доўбні, проша пану, — адказала старая.

Увайшоўшы, усе трое хутка аглядзелі хату і раптам спыніліся на Франусю.