Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У суседнім двары забрахала сабака. Франусь Доўбня прысеў збоку кастра дроў.

Сабака ня ўнімаўся брахаць. Паўзком, стараючыся ня шамаць, Франусь Доўбня мінуў два другія гумны і апынуўся пры сваім двары.

Густы садок усьцяж пляцу калыхаўся над дваром, дзяручы галінамі дрэўцаў салому на страсе.

— Не чакаюць! Пэўна старыя й надзею ўсякую згубілі мяне дачакацца. Вось ім — неўспадзеўкі, прымхаю. Як з мёртвых...

Франусь Доўбня нералез у двор з загуменьня; паўз сьцену падыйшоў да дзьвярэй і паспробаваў адчыніць. Дзьверы былі замкнуты. Тады ён падыйшоў к вакну і дробным ціхім стукам прайшоў па шыбе.

— Хто там? — пачулася з-за вакна.

— Я, Франусь... адчынеце-э... — зычным шэптам падаў Франусь з двара.

II.

Украдкаю, перашэптваючыся з бацькам, Франусь увайшоў у хату. Панясло цяплом і спакоем. Захацелася сесьці.

— Як-жа ты, сынок, умудрыўся так? Цёмнаю ночкай! — пытаў бацька.

З ляжанкі зьлезла маці. Старэйшы брат, Платон, зашавяліўся на лаве. Пайшлі запытаньні.

Франусь прысеў на лаве між двух вакон і, седзячы, расказваў, як і што ён рабіў, каб уцячы з палка. „Падгаварыў камандзіра ўзводу, каб той дазволіў мне адлучыцца на нейкі час, а ўсё ўжо было раней сабрана. Камандзір даў дазвол, і я паціху, як-бы за справаю, пакіраваў у лес. Клунак-жа, гэты вось, яшчэ заўчасу прыхаваў у добрым месцы. Пайшоў і — пайшоў“... што слова, то гучней выказваў Франусь.

Бацька прыняў ад яго клунак, шынэль і боты і ўсё гэта разлажыў кожнае паасобку, што на лаве, што на ляжанцы. Маці пільна ўглядалася ў твар сына, хочучы выглядзець яго рысы ў цёмным хатнім змроку.

— Я захапіў нават з адзежы што-кольвек, — казаў далей Франусь: — і пару чаравік для бацькі. Прадаваў таварыш, а я пераняў. Цяжка да таго, што апошняе прадаюць хлопцы... Нямерна цягло ўцячы і цяпер я так здаволен, што...

— Цішэй вы троха, — пераняў Платон, не паднімаючыся з лавы, — можа хто слухае ў двары...

Франуся запалохала братняя перасьцярога. Раптам вярнулася нядаўняе пачуцьцё страху. Ён павярнуўся да вакна, каб