Посьвіст ветру здаваўся гутаркаю многіх галасоў, якія несьліся да яго, к яму навыперадкі.
Франусь падбягаў, сьціскаючы зубы і сэрца.
— Няўжо-такі ўспадуць на сьлед? Ці ліха ім! — суцяшаў ён сябе, нібы расьціскаючы жалезныя абручы сполаху і даючы целу выпрастацца, разгарнуцца.
— Ня трапяць, дарэмна! — разгортваў ён самаўцеху далей. — Не на таго напалі. Тут мне кожная мясьціна знаёма; кожны кусьцік свой — ня выдадуць... Мы згавораны з дзіцяцтва... Ваяваць!.. Ваюйце, калі ахвоту маеце, а я...
Пасьля гэткіх думак, Франусю рабілася весела; браў задзёр пасьмяяцца з дурнога камрота, з політрука, з цэлае роты чырвонаармейцаў, з Савецкае Ўлады... Сполах, які пхнуў яго на ўцёкі, падпраўляўся нялюбасьцю да новага ладу; зашавельваў гаспадарска-шляхецкім пачуцьцём.
— Удалося, як лепш ня трэба! Шыта-крыта! Канец усім мукам. Хай іх пярун спаліць!.. Вось прыду дамоў, спачыну крыху, а там, глядзі, праз дзень-другі й палякі прыдуць — і жыві спакойна.
Франусь патрошку забываўся, як і што з ім, адкуль і куды йдзе, з якою мэтай. У цемры ночы малявалася хата, абставіны дому, сям‘я, спакой... і ногі зацішалі хаду, прыліпалі да глейкае зямлі ды прытрымваліся ёю...
Пасьля пацягло прысесьці, перасапціся. Франусь Доўбня напружыў пагляд і пачаў мацаць нагамі ці камень, ці грудок — ня пытаючыся, ёсьць ён тут, ці няма.
Пад нагамі хлюпала вада, трашчэла жыта.
— Ня буду садзіцца... Гой, што я?.. Гэта спакуса! — нарашыў Франусь Доўбня, пратаптаўшыся з паўгадзіны. Пайду, а то дзень наляціць і тады...
З посьвістам ветру рассыпаліся знаёмыя галасы; прабеглі сьпіною мурашкі, сьціснулася сэрца. Зачасьцілі ногі самі.
Раптам — каўдобіна. З разгону апынуўся ў вадзе па пояс.
— Што за трасца!- вылаяўся Франусь Доўбня і хутчэй выскачыў на дарожку...
Яшчэ праз гадзіну нясупыннай хады — і ён прымеціў у цемры ночы якіясьці будынкі.
— Нарэшце і Драбінкі! — мігнула думка ў галаве і прыемная цеплата разьбеглася па ўсім целе.
Франусь Доўбня, прыпамінаючы плян вёскі, падаўся ўправа і вышаў да платоў гародаў. Прыгледзеўся — то быў Вінцэнтаў капусьнік.
— Дзякуй госпаду, — прашаптаў ён; — я дома!
Цішком, між плоту, дайшоў да гумна.