Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БЯГУНЕЦ.

I.

Была цёмная-цёмная ноч, хоць вока выкалі. І ціхая пры гэтым. Неба нясьціханна сьлязілася ніто драбнюсенькім дожджыкам, ніто буйнаю вільгацьцю. Было пранозавата-халодна, нібы вецер калоў іголкамі ўсё і ўсіх. Выбітыя сотнямі ног сьцяжынкі праз збожжа і між лесу, гладкія і цьвёрдыя нядаўна, зрабіліся сьлізкімі й гразкімі. Мокрае вецьце дрэў і густая зелень травы ды збожжа, нахіліўшыся над сьцяжынкамі, яшчэ больш дадавалі ім вады.

Франусь Доўбня, здаравенны, высокага росту чырвонаармеец, адзеты ня блага, у чорны яшчэ малапацёрты шынэль, порткі бразэнтавыя з галіфом і цэлыя рыжыя чаравікі, пасьпешна йшоў з лесу між густога, ужо красуючага, жыта. Раз-по-разу ён азіраўся назад і ў бакі, хоць нельга было нічагуткі ўгледзець перад сабою, і ўсё прыгінаўся як найніжэй. Азіраючыся, ён спатыкаўся, трапляў у лужыны каля межаў, на межы і хрустаў зламанымі камлямі жыта. Некалькі разоў, яшчэ каля лесу, Франусь хлюпнуў у нейкія канавы, поўныя вадою, і захапіў чаравікамі вады, якая, здавалася, ня мела сабе меры. Абы спатыкаўся, дык ногі выціскалі пырскі, якія ляцелі пад порткі й студзілі разгарачанае цела.

Франусь Доўбня злаваўся, ажно скрыгатаў зубамі, праклінаючы то чаравікі, то сьцежку, то жыта, то клунак за плячыма, што раз-по-разу штоўхаў яго ў плечы, у бок, па руках.

Усяго прайшоў каля трох вёрст, а паганая дарога да таго стаміла яго, што чуўся цяжар на ўсім целе; пад пахамі і ў поясе папрэла, а з ілба цурком каціліся фасоліны поту.

Франусь паднімаў казырок шапкі, перакладаў лепі рэвольвэр у кішэні і ў думках лаяўся;

— Каб ты згарэла, каб ты! Замучыць, ды годзе! Гэта-ж-за ноч не ўбярэш гэтых пятнаццаць вёрст... Чаго добрага, каб не нагналі адно, а то...

Страх хапаў яго за горла і не даваў дасказаць выразу. 3 дрыготам, які ахопліваў усю яго постаць, Франусь азіраўся назад, у бакі, угору.