буду з палякамі ваяваць, — адказваў бацьком Сымонка. Тым болей яго падбівала вайсковасьць, калі бацькі, гутарачы аб забраўшых Ступы і ваколіцы палякох, пракліналі іх і чакалі скорага збаўленьня.
Сымонкаў бацька больш сямі месяцаў пры паляках ня меў работы і два разы быў заарыштаван за лаянку польскіх парадкаў. 3 вялікімі труднасьцямі прышлося ўсадзіць Сымонку ў школу. „Кепля — бальшавік,“ казалі палякі й рабілі ўсякія злачынствы яму. За гэта Сымонкавы бацькі і клялі і лаялі палякоў. Ды не адны бацькі! Сымонка бегаў да таварышаў і таксама чуў, што таварышавы бацькі таксама точаць зубы на „паноў-захопнікаў.“ Запала і ў яго чулую дзіцячую душу гарачае пачуцьцё крыўды і помсты да агульнага ворага. І з гэтага часу ў сваіх гульнях з дзяцьмі Сымонка перамяніў характар і выразнасьць дзеяў, ахрысьціўшы немцаў — палякамі, а расійцаў — чырвонаармейцамі. Кожны раз ішла бойка ў іх між двума гэтымі станамі. Сымонка заўсёды быў начальнікам чырвонаармейцаў. Ён чуў, як бацька цішком паведаў мацеры аб хуткім прыходзе іх у Ступы і з нецярплівасьцю чакаў. Абы раніца — выходзіў з хаты на вуліцу, узлазіў на шула і глядзеў на ўсход, за рэчку, ці ня йдуць чырвонаармейцы. Сымонка чакаў, што яны прынясуць яго бацьку работу, а дзеля ўсіх вызваленьне — штосьці вялікае і каштоўнае, бо вельмі ўсімі пажаданае.
— Татачка, ці-ж скора прыдуць чырвонаармейцы? — часта пытаўся Сымонка ў бацькі.
— Скора, скора, сынок. Ты толькі маўчы, нябож, не плявузгай дзе ня трэба, — перасьцерагаў бацька.
Сымонка слухаў бацькі баяўся каму-кольвечы казаць пачутае ад яго. Але затое сам-на-сам ні на хвілю ня мог звольніцца ад думкі аб чырвонаармейцах; яны здаваліся яму на кожным кроку. А далей сталі сьніцца. Абы лёг на пасьцель, заплюшчыў вочы і сумеўся, як адразу цэлыя грамады людзей перад ім з песьнямі, са сьцягамі, з падарункамі для ступаўцаў. Уваходзяць у Ступы, праганяюць палякоў, надзяляюць яго бацькоў, бацькоў Якава, Грышкі і Мікіты і ўсіх-усіх падарункамі звальненьня, гасьцінцам усялякім.
Раніца ў раніцу прачынаўся Сымонка вясёлы і здаволены, падбягаў да бацькоў і пераказваў ім свае сны; а скончыўшы расказваць, дадаваў:
— Хай толькі сапраўды прыдуць чырвонаармейцы ў Ступы — дык я разам з імі пайду біць паноў.
Андрэй усьміхаўся, гладзіў Сымонку па галаве і казаў:
— Ваяка мой залаты, рэволюцыянэр мой адважны!