Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СЫМОНКА-ІНЖЫНЭР.

I.

Сымонку Кеплю было дзесяць гадкоў ад роду; ён быў старшым дзіцём у сваіх бедных бацькоў, гарбара Андрэя і яго жонкі Луцэі Кепляў. Апроч Сымонкі, яны мелі яшчэ дзьвёх дзяўчатак: Параску — старшую, і Марыльку — малодшую. Як пяршука, Сымонку любілі і бацька і маці дужа шчыра й крэпка: ды было завошта яго любіць. Сымонка быў хлопчык рэзвы, дасьціпны, заўсёды вясёлы і, галоўнае, паслухмяны да сваіх бацькоў. Ніколі ён не адказваўся выпаўніць бацькава ці матчына даручэньне і ні словам не пярэчыў іх прыказаньням. Ці пашлюць Сымонку ў краму купіць што, ці да суседзяў — што-колечы пазычыць, ці прыкажуць вартаваць хату, пашоўшы самі ў заработкі — Сымонка да дробязі выпаўняе наложаную на яго павіннасьць.

Да ўсіх іншых якасьцяй, меў ён і розум, ды здольнасьць не па гадох.

За гэта Сымонку бацькі ставілі ў прыклад, калі заходзіла ў іх гутарка аб дзецях. „Наш Сымонка, будзь ён здароў, удаўся хлапчук“, — казалі яны.

А між сабою ў вольны час разважалі Андрэй і Луцэя Кеплі так:

— Ведаеш, Луцэя, мы свайго Сымонку вучыцьмем і вучыцьмем. Аж пакуль сілы нашае хопіць. Скончыць ніжэйшую школу, пасьля аддамо вышэй, а там яшчэ вышэй і да канца...

— Вядома, што так было-бы вельмі добра, каб выстарчыла нашых сіл. Але тое блага, што гэта гатова стацца нам не падсілу. Заработкі нашы не вялікія — толькі што пражыць сяк-так хапае. Ды то, бачыш во, на зьняпад ідзе твае рамяство. Умяшалася гэта рэволюцыя і, як ёсьць, усё ўверх дном паставіла. Чакалася аднаго — а напаткала другое. Тымчасам сілы твае пакрысе растаюць... Няведама, Андрэй, як яно выйдзе.

Луцэя судзіла пасвойму, як і заўсёды, а ў нутру сваім думала: „будзем старацца з усіх сіл.“

— Кінь ты, дурная, сваю няверу, — перабіваў Луцэю Ан-