Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бачыце, ласьне добра гэтым хлопцам, калі ўжо прыпёрла да картопель і да жукеткі... Пэўна, ім хочацца ведаць, калі пойдзе параход, дык мусіць...

Пакуль ішла гэта гутарка, Ігнат крыху паслухаў, пасьля, нібы дапомніўшы, што яго чакае Цімох, выйшаў з пасажырнай.

На дварэ было цёмна. 3 ціхае пагоды пачаўся халаднаваты паўночны вецер, які гнаў з-над лугу за Дняпром шырокую палосу палавых хмар. Дняпро ўжо быў разгойданы і катаў усьцяж свайго цячэньня шарэнгі хваль, якія на сваіх хібах несьлі белую брыжастую пену. Краі хваль беглі к берагу і роўным аднагучным плескам змывалі жоўценькі пясочак, гайдаючы ўсьцягнутую на яго зялёную лодачку. Чуць прыметна, але ўвачавідкі больш ды больш пачынала раскалыхвацца будыніна прыстані. Галасы плытнікаў несьліся з ветрам на пыхаючы промень раскладзенага Цімохам агню.

Ігнат паціху, узіраючыся ў твар Дняпра і кідаючы вачыма даверху, абыйшоў вакол прыстані, прайшоў сходні і падыйшоў да Цімоха.

— Ну, як вячэра? — запытаў Ігнат.

— Можаш спробаваць. Вось гатовыя картоплі, — падаючы таварышу некалькі штук картопель, малюсенькіх ды пагарэлых, адказаў Цімох.

— Штосьці няўдачны яны ў цябе, — заўважыў Ігнат.

— Прыску, бачыш, няма: дровы паскудныя; прыходзіцца на жару — таму і пражацца...

Усё-ж Ігнат старанна абскроб з картопель прыгаркі, пастудзіў іх і ўсмак зьеў.

— Ведаеш што, Цімох, — абярнуўся ён да Цімоха.

— Што-о?

— Я думаю, што мы як-кольвечы выкруцімся з нашага становішча. Пакуль цеплавата, ды чым далей на поўдзень — тым усё цяплей —а ў нас ёсьць лішнія рэчы. У мяне васеньная жукетка, а ў цябе камізэлька, дзьве кашулькі... Цягаць іх з сабою толькі лішні цяжар... А вось прыедзем у Кіеў і... побаку. Заробім пасьля і справім... Як ты думаеш?

— Я нічога сказаць не магу — жукетка твая... У мяне, бачыш, зімняга нічога. Калі не шкадуеш...

— Шкадуеш — не шкадуеш, а калі, чаго-якога, ды ў Кіеве ня знойдзем працы, то іншага высьця ня будзе, як толькі жукетку на рынак... Я перш думаў расквітацца з ёю тут... Адзін пасажыр як прычапіўся — прадай ды прадай — дык я ўжо хацеў...

— А колькі ён суліў? — пацікавіўся Цімох.

— Колькі! Дзевяць даваў, —адказаў Ігнат.