Ігнат, а за ім для цікавасьці трое пасажыраў, падыйшлі да Цімоха, нахіліліся к услону й пачалі ўзірацца на сала, як на якое дзіва.
— Маладзец, затое табе больш трэ‘ ўдзяліць, — пажартаваў Ігнат.
— Хопіць картоплі спрыснуць па каплі, — дадаў чорны пасажыр і засьмяяўся.
— Толькі-бы яны ў мяне не пагарэлі там, — схамянуўся Цімох і, кінуўшы з рук торбачку й бялізну, пайшоў у дзьверы.
— Прыходзь, Ігнат, да агню, — пазваў ён з-за дзьвярэй.
— Прыду, — згадзіўся Ігнат, сьпяшаючы ўкладаць у торбы ўсё вынутае з іх.
— Работы больш, як сала, — пасьмяяўся ён.
Пасьля, уклаўшы ўсё чын-чынам у торбачкі, Ігнат завязаў іх і разам з адзежаю Цімоха ды сваёй палажыў камячком у кутку каморкі на ўслончыку.
У гэты час у пасажырную зайшоў вартаўнік прыстані з маленькаю лямпачкаю ў руцэ. Праз чыста выцертае шкло глядзеў на голыя жоўтыя сьцены каморкі маленькі куравы агоньчык ад якога не рабілася ні сьвятлей, ні весялей.
— Гэта нам асьвятленьне? — запытаў вартаўніка чорны пасажыр.
— А то-ж каму? Ці ня хопіць, думаеш? - адказаў вартаўнік прыстані, вешаючы лямпачку над дзьвярыма: — спаць можна і ўпоцемку; гэта толькі для далікацтва.
— А калі параход пойдзе на Кіеў? — задаў пытаньне Ігнат.
— Пойдзе, ня будзеце ў нас зімаваць, пасьмяяўся вартаўнік і выйшаў.
— Ліха іх ведае — адазваўся чорны пасажыр, агідна плюнуўшы, дапытацца ў людзей нельга. Ты к яму пачалавечаму, а ён да цябе, як сьвіньня: або мармыне сабе пад нос што-кольвечы, або й зусім нічога ня скажа. Як-бы злы на каго, а спаганяе злосьць на табе. Дапытайся ў гэткіх толкам, каб іх халера ўзяла...
— Бо надаядае і ім, — адказаў увесь час маўчаўшы пасажыр у крамным паношаным паўхалаце ды ў новай шапцы, з сівою раскладзістаю на шырокім твары барадою, — кожны пытае, кожны косьніцца яму ў вочы, а таго ня ведае, што ім самім нічога невядома...
— А каму павінна быць вядома, як ня ім? — падняў голас чорны. — Натое яны й служаць па гэтай справе. Нябось, не зьверадзіўся-бы, каб сказаў. Але чалавеку дзела ніякага няма да цябе: ён дома, а ты хоць захлыніся тут. Вось,