— Ну, Фомка, падыходзіць? — абярнуўся ён да чорнага мужчыны.
— Як на цябе шыта, - адказаў Фомка. —Сьмела купляй. Прыедзеш дадому. — Тэкля не пазнае. Купляй, Піліп, купляй.
— Слухайце, — абярнуўся Піліп да Ігната, — навошта вам вязьці яе ў Кіеў, калі я тут магу купіць. Восем рублёў выкладаю.
Ігнат засьмяяўся.
— Параход завязе. Затое ў Кіеве цэлых дванаццаць вазьму, калі ня больш. Паглядзі, якая работа, які тавар, ды ня ношаная зусім.
— Дам дзевяць і хай сядзіць на мне. Прагадаеце на Кіеве. Там вас абдураць, а гэта чыстыя, запрацаваныя шчыраю працаю дзевяць паперачак даю. Слухайце... На гэты грошы ў Кіеве лепшую купіце, — упрашваў Ігната Піліп.
Але Ігнат рашуча настаяў на сваім. Хлопец неахвотліва зьняў з сябе жакетку, яшчэ паварочаў яе некалькі хвілін у руках і аддаючы Ігнату, сказаў:
— Успомніце ды позна будзе. Дзевяць рублёў пры дарозе не валяецца... Бярэце, кажу...
Пакуль яны таргаваліся, Цімох пасьпеў нарваць картопель і разлажыць агонь. Промень раптам лінуў у вакенца пасажырнай і зьвярнуў на сябе іх увагу.
— Вунь ваш таварыш ужо агонь расклаў, — падаў першым чорны пасажыр. — Глядзеце, як шугае, ажно іскры сыплюцца ў Дняпро.
Ігнат падыйшоў да вакенца і паглядзеў. Яго пацягнула на двор. Але толькі ён падыйшоў да дзьвярэй, як яны знадворку адчыніліся, і ў пасажырную ўвайшоў Цімох.
— У цябе, Ігнат, пэўна, сала крыху засталося! Пашукай, устроім добрую вячэру. Картоплі ўжо загорнуты ў попел. Ня толькі ў памешчыка баль — зробім і мы тое самае. Вытрасай торбы...
Абое ўзялі клункі й пачалі іх патрашыць. Павымалі начыньне, бялізну, парваныя хвартухі і кніжкі. Усё гэта разлажылі на ўслонах. Пасажыры паўступалі ім месцы, гледзячы на іх.
— Няма нічога, — вывярнуўшы торбачку, сказаў Цімох.
— Няма, бо зьелі. Я табе кажу, што ўсё кончылі; табе здаецца, што асталося, — адказаў Ігнат, перабіраючы свае рэчы на ўслоне.
— А вось, глядзі, — весела выкрыкнуў Цімох, паказваючы на маленькі кусочак сала, запаўшы між лістоў кніжкі.