Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ШУКАЮЧЫ ПРАЦЫ.

Падыходзіў вечар. Сонца спускалася за лес, і з-пад зялёных куп ялін і хвой выглядала доўгімі, тонкімі космамі праменьняў няшырокая гала, перакроенае дарожкаю, якая вілася выкрутасамі праз гала к лесу. 3 аднаго боку дарожкі ўпярэмежку — то калдобістай, гразкай, то сухой, па калені пяску, — гэта гала была з поплаву ў куп‘ю, вытаптанага гавядаю, а з другога — з іржышча, дробнага й нізкага.

Дарожка, відаць было, выходзіла з-за пяшчанае горкі і, верцячыся, у другім канцы гала мерылася схавацца ў лесе. На гранічцы гэтага лесу, якраз у тым самым месцы, дзе дарожка пахільвала за першыя хвоі, тырчалі два пянчукі, — відаць было, што з нядаўна сьсечаных ялін.

— Ну, вось гэтта мы й сапачынем! — прысядаючы на адным пні, сказаў Цімох да таварыша Ігната.

Ігнат спыніўся і старэнна адсопваўся, азіраючыся вакол і на сонца.

— Ня раджу садзіцца, а то спозьнімся; можа ўжо параход прыйшоў... Лепш хадзем на прыстань, а то яшчэ пакуль зойдзем... — не згаджаўся Ігнат.

— А ўласна ты не ўтаміўся?

— Што-ж зробіш! Утаміўся-не-ўтаміўся, а трэба йсьці... А ты-б хацеў неўшманкі ўбраць сорак вярстоў! Не-э, браце! Ды да гэтага яшчэ мы цэлы дзень нічога ня елі, а галоднаму прайдзі па гэтых пяшчышчах!... Пэўна ўтомішся... Але нічога не парадзіш — трэба працы шукаць і гэткімі сьцежкамі... Бачыш!..

Цімох балюча ўсьміхнуўся.

— Затое памяць астанецца на ўсё жыцьцё... Некалі, вось, цікава будзе ўспомніць...

— Але ўсё-ткі садзіся ды пасядзем, — тузнуўшы Цімоха за крысу, папрасіў Ігнат. — Што некалі будзе — то будучына, а пакуль мы жывем цяперашнім: не пагоршым становішча — садзіся. Прыстань недалёка; пачуем гудок і дабяжым.