Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бе прыймаеш? Скажы мне, дачушка, ці ня злыя языкі распускаюць пра цябе гэтыя чуткі? Ах, напускаюцца бог і людзі!

Аўдоцьця ўздрыганулася ўсім целам, рухава захадзіла па хаце і ня ведала, што адказаць мацеры: сазнацца — не казала сумленьне, а стаіцца — таксама балюча. Памаўчаўшы нейкі час, Аўдоцьця рашыла ўсё-ткі схлусіць і сказала мацеры:

— Мамачка, усё — адна брахня. Плюньце ў вочы таму, хто будзе брахаць вам аб гэтым. Гой, ды якія-ж заразы ёсьць у нашым мястэчку! Вочы-б павыколвалі табе, каменьнямі-б закідалі, каб прымелі. І завошта яны на мяне накідаюцца? Што я ім дрэннага зрабіла? Ці я мяшаю каму, ці стаю папярок дарогі?

— Ды яно-ж так, Аўдоцька; ужо сьвет такі. Сочаць за табою, як за злодзеем... Трэба, дачушка, так жыць, каб ніхто й падкалупіць ня мог нічым...

Аўдоцьця не магла далей нічога сказаць: яна паківала галавою, моцна й глыбока ўздыхнула і паглядзела ў вакно.

— Што, няма дзяцей? — запытала яе Паруля.

— Няма. Прыдуць зараз... Яны і ўпоцемку патрапяць... Пэўна й вам, мама, прыдзецца йсьці, пакуль яшчэ зусім не сьцямнела. Пакуль заклыпаеце памаленьку...

Паруля мэрам-бы й забыла, аб чым толькі што размаўляла з дачкою і рухава паднялася з месца.

— Але, але, Аўдоцька, я пайду такі, —вымавіла яна і зазірнула ў вакно. — Ой, ды ўжо-ж зусім цёмна на дварэ, — дабавіла яна й рухава вышла з хаты.

Аўдоцьця правяла мацеру на вуліцу, папрасіла яе наведацца ў нядзелю і, узяўшы на рукі клыпаўшага да хаты разам з Алеськаю Сёмачку, вярнулася з дзяцьмі ў хату.

У хаце было зусім цёмна. Аўдоцьця засьвяціла газьнічку. Маркотным, смуглым сьвятлом асьвяціла яна хату, пусьціўшы па сьценах чорныя лахматыя цені.

— Вось і сьвятло, вось і сьвятло, мае вы маленькія дзеткі, — ні то прапяяла, ні то прамовіла да дзяцей Аўдоцьця. —На, пазабаўляйся з Сёмачкаю — абярнулася яна да Алеські, — а я пашукаю што-кольвечы зьесьці вам.

Аўдоцьця падышла к печы, адчыніла засланку й вынула два маленькія гаршчочкі.

— Вось, наце, ежце! — выказала яна, падаючы дзецям адзін гаршчочак з трыма лыжкамі ў ім і па кавалачку хлеба.

Згрудзіўшыся каля прыпеку, дзеткі прагна пачалі ўвіхацца з гаршчком, мэрам яны тыдзень нічога ня бачылі ў вочы.