Гапу, і яна рашуча, няпрытомна выбегла з-за платоў, параўнялася з вешніцамі ў двор Клумкі і з усяго размаху кінула ў яго калок. Кінула і ў момант пусьцілася ўбежкі назад, забыўшы і пра Тацьцяну. Стук, які зрабіў калок, выцяўшы ні-то ў дзьверы, ні-то ў якісь цэбар, здалося Гапе, нібы пагнаўся за ёю. Пераляцеўшы некалькі хат, Гапа яшчэ шпарчэй замітусіла нагамі.
Азіраючыся, не зварочваючы ўвагі на Тацьцяну, яна хутка прыбегла да свае хаты, спрытна адчыніла вешніцы і ўскочыла ў двор. Ускочыла і раптам апамяталася: — стала, каб аглядзецца.
Хутка прыбегла й Тацьцяна.
— Гапа, Гапа! — моцным шэптам падала яна; — чаго ты так памчалася. Ніхто-ж ня гоніцца.
Гапа прачыніла вешніцы і ўпусьціла ў двор Тацьцяну.
— Калі й не пацэліла ні ў аднаго, затое напалохала. Памятацьмуць, паганцы! — здавольна пахвалілася Гапа.
— Але ты й мяне перапалохала. Я зусім не чакала, што ты так зробіш, хай цябе паралюш...
— А мо‘ ня варта, скажаш? — сумелася Гапа.
Тацьцяна нічога не адказала, каб ня смуціць таварышку.
— Хай-бы ведалі, што гэта я, — казала Гапа.
— Ды даведаюцца. Забачыш, ужо заўтра будзе ўсё ведана. Даведаюцца і скемяць, у чым сэнс... Нічога, варты абое...
Гапа здаволена засьмяялася.
Пачакаўшы яшчэ крыху, яны разыйшліся.
IV
Гапа не пайшла ў хату, а лягла спаць у сенцах. Лягла і перш задрамала, забыўшыся праз усё. Але праз хвілін дваццаць яна абудзілася і зусім згубіла сон. У голаў хлынулі соткі розных думак і запаланілі яе нашчэнт. Гапа мімаволі, цалкам, нырнула ў іх, перабіраючы адну за другою. Усе гэтыя думкі, як калясо, пачыналіся з надуманай зборні, краталіся розных момантаў яе перажываньняў і канчаліся пусканьнем калка на Людвісю з Кар‘ёнам. Спыняючыся на гэтым, Гапа правярала сябе, ці ў праве была зрабіць тое, што зрабіла. „Можа й ня варта было чапаць?“ уставала перад ёю пытаньне і чапляла яе за жывое. „Не, гэтага яшчэ мала. Мала таму, што яны знарок насьміхаюцца з мяне. Я не магу дараваць, каб яна, валацуга гэтая, так нецырымонна, так сьмела пайшла на гэта. Байструк-жа... Байструк!.. Га-а! Так!“
Успомніўшы гэту асабістасьць Людвісінага пахаджэньня, Гапа зразу зарадавалася, як быццам-бы знайшла вернае выйсьце з свайго няпрыемнага становішча. Скучаныя ў адзін клу-