га-ж Гапа загубіла столькі натхненьня, столькі радасьці перагартавала ў сваім нутры!
— Тацьцяна, сястрыца, хадзем туды... хадзем да іх, я хачу толькі... Я хачу праканацца, ці ўпраўду то Кар‘ён — дрыжачым, як ад спугу, голасам папрасіла Гапа таварышку.
— Чаго табе, Гапка, ісьці; я бачыла, што то яны... Сьмеяцьмуцца, як угледзяць, — думала адгаварыць Тацьцяна.
Але Гапа ня ўнімалася: яе ахапіла нейкая прага падыйсьці да Кар‘ёна і ўласнымі вачыма падлавіць яго на здрадзе к ёй. Гапа ня мела сілы ўтрымацца, не знаходзіла думак, каб высьветліць мажлівыя скуткі сваіх намераў. Яна хапіла Тацьцяну за руку і ўмольным голасам пачала настайваць на сваім рашэньні. У яе голасе зычэлі ноткі душэўнага болю, які ня мог не крануць Тацьцяны. І яна, нарэшце, паслухала таварышку ды пайшла з ёю ўсьцяж вуліцы, налева ад Гапінай хаты.
Зрабіўшы некалькі крокаў, Гапа падшапнула Тацьцяне, каб ня выходзіць на сярэдзіну вуліцы, а йсьці між хатаў і гародаў. На выпадковы трэск ці стук ног яна адказвала чулым уздрыгам усяе постаці і падозрона аглядалася вакол. „Цішэй, цішэй, Тацьцянка“, пераказвала да Тацьцяны.
Белы круг месяца, узышоўшы досыць высока, пускаў доўгія цені ад кожнае рэчы;- але па адным баку вуліцы яго сьвятло паласкала ўвесь надворны выгляд будынкаў, так што можна было на адгоне дзесятку сажняў убачыць седзячага на прызьбе. Затое трудней рабілася разглядзець што-кольвек па цёмным баку вуліцы.
Гапа з Тацьцянаю, ідучы цёмным бокам, мінулі некалькі будынкаў і гародаў. Прыслухваліся і пільнавалі адна другой. Мінаючы чацьверты двор, абое раптам спыніліся. Кожная пачула ціхую, рэдкую гутарку, якая йшла з-за платоў пасэсаравага двара. Гапа хапіла Тацьцяну за руку, сьціснула яе, даючы гэтым знак; каб тая спынілася на месцы, а сама падыйшла шчыльна к платом і прыслухалася. Рэдкія словы выразна даходзілі да яе з глыбіні двара. Кожнае з іх, як малатом, стукала ў грудзі Гапе і, стукаючы, распаляла яе злосьць, зайздрасьць і прагу да помсты. „Я-ж табе, здрайца, адрыгнуся-а! — выбіла ў яе галаве надыхтаваная помстаю сіберная думка. І тут-жа, як працяг гэтае думкі, нейкая сіла піхнула Гапу хапіцца за кол у частаколе і ў міг выламаць яго з рэзкім трэскам. Рэха ад злому гулка разьляцелася ва ўсе бакі і ажно напалохала Тацьцяну. Тая хутка кінулася к плоту, ня ведаючы, што зрабіць з таварышкаю. Нашарохаў трэск і гутарыўшых у дварэ, якія раптам заціхлі. І тое зацішша, якое, здавалася, запанавала сьледам за трэскам калка вакол і ўсюды, яшчэ больш разьярыла