Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ужо па абедзе, калі яны з мацераю прыняліся перапалоскваць розныя анучы, выправіўшы наведаўшага хату бацьку йзноў на поле з канём, Гапа нечакана падмеціла праз вакно праясьненьне надворку. Яна тут-жа, як утрапёная, з закасанымі за локаць рукамі, падбегла да вакна, прачыніла яго і выглянула на вуліцу. На небе, з паўднёвага боку, вынікла шырокая расколіна ў хмарах, праз якую зіхацела лазурковая пляміна. Гапа шырокаю ўхмылкаю на твары адказала на праясьненае неба і ўся шчасьлівая, нібы дасягла запаведнага шчасьця, адыйшла да начоўкаў, каб няпрыметна скаратаць дзень.

III.

К вечару саўсім распагодзілася на небе; як акінуць вачмі, ня відаць было ні хмурынкі; сіняе, з чырваньню на захадзе і з глыбокім водцемам на поўначы, яно пярэсьцілася серабрыстымі зоркамі, якія ўступалі перад надыходзячым з усходняга боку сьвятлом поўнага месяца. Ні вецярка. Чыстае паветра, мяккая ад доўгае прамыўкі дажджом і чыстае ад таго-ж, прапускала малейшы зык, робячы яго галосным і звонкім больш звычайнага. За будынкамі ў гародах цьвіркалі скакунцы, а з поля даносіўся стройны жабін хор. Пахла багатым густым водырам расквітшага лета, п‘янючага й завучага да безгранічнай асалоды жыцьцём і яго красою.

Гапа выйшла на вуліцу зусім назмроку, калі ўжо клапатлівае жыцьцё мяшчан заціхла. Яна спынілася каля вешніц і напоўненая радасьцю сутрымлівала назнарок працяг вясёлага пачуцьця наступных перажываныіяў. Пры гэтым Гапа дваілася ў сваёй істоце: адна палова яе цягнула хутчэй да Тацьцяны, каб у свой час быць там, каб ня даць прычыны позна распачаць гульню; другая палова трымала на месцы ногі, накіроўваючы вушы слухаць і ўбіраць у сябе пявучую музыку ночы.

У гэтым супярэччы Гапа прастаяла каля паўгадзіны; не заўважыла, як прайшлі каля яе дзьве дзяўчаты, якія, адышоўшыся значна, у голас зарагаталі.

— Гэта ўжо тыя заразы пацягнуліся да Адаркі, — вылаялася Гапа і намерылася сама йсьці да Тацьцяны.

Толькі яна кранулася з месца, як раптам, зусім неспадзявана, пачула ззаду.

— Куды, Гапа?

Гапа, схамянуўшыся, азірнулася назад і неўпапад адказала:

— Да Тацьцяны-ж!

— Пачакай! — супыніла Тацьцяна. То была яна.