Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хоць прымачка, абы добрая і прыгожая дзяўчына. Гэта ня ганьба! Вунь, паглядзі, Віктося Аўдзеева ў якой славе... Кожная менітка можа пазайздросьціць... Ды да гэтага, бач, шляхотная якая, далікатная... Вось яшчэ цікава, ці надоўга яны прыехалі сюды?

— Гэтага, Тацьцянка, то ўжо не скажу: хто іх ведае! Але, па мойму, ня менш году... Заўсёды пасэсарства ладзіцца самае меншае — на год... А год — часу досыць, до-осыць, каб падружыцца... Нябось, ня скажуць цяпер, што мы адны, ды ў завідзе ім, не-э...

Дзяўчаты падыйшлі да студні, начэрпалі вады і вярнуліся назад.

— Цяпер толькі адно — дзе-бы нам ямчэй асесьціся? Каб то ў вас, дык вельмі латва было-бы, але наўрад, ці твая маці згодзіцца! І так цэлую зімку пратаўкліся ў хаце. Уелася тваёй мацеры ў косьці. Каб яно ў нас былі сені гэткія, а то, ліха яго ведае, цякуць, неабіты папераю, ложка няма, пограб пасярэдзіне... У іх там — дык на дзіва памяшканьне для зборні. Як абозьня — хата! Сям‘і часта няма ў дому, і тая кручаная Адарка гаспадаруе адна, як хоча... Гэтым яны й бяруць... Што-ж, хлопцы там штохоць робяць, мудруюцца, лазяць усюды, і ніхто не перакорыць... Слухай, Тацьцяна, а мо‘-б, часамі, твая маці й дазволіла-бы, га?

Тацьцяна дабрадушна ўсьміхнулася, зазірнула таварышцы ў вочы і адказала:

— А чаму табе здаецца, што мая маці ня хоча зборні? Хто табе набаяў? Яна ніколі й не заікалася аб тым, што не дазволіць у нас гуляць. Наадварот: яшчэ вось учора, калі я ўспомніла аб Людвісе пасэсарчанцы — дык мне маці сама й кажа: „Згуртуйце зборню і гуляйце ў нас. І сенцы, і прыгумень і прызьба ў поўным вашым распараджэньні“. Го-о! Ёсьць аб чым клапаціцца! У суботу бяры і проста да нас: я лямпу ўбяру, паднаўлю паперу і... ня ўступіць памяшканьне іхняму...

Каля хаты Тацьцяны абедзьве спыніліся:

— А прыгумень я таксама падмятаю што дня. Вунь, глядзі, як руніць, як коўдра, — паказала Тацьцяна на зялёную пляму травы ў канцы двара.

Гапа паглядзела і шчыра ўсьміхнулася.

— Добра! ой, добра, Тацьцянка.

— Хаця няхай хлопцы супакояцца, а то часта пытаюць, калі-ж мы адкрыем сваю зборню... Бач, яно сапраўды, кожны раз прыходзіцца абы-дзе туляцца, а ня то, дык і лавіць адно другога.

— Лепш хай пэўнае месца знаюць... А калі твая маці згодна, дык я ўжо, спаткаўшыся, запрашу хлопцаў на суботу...