БАЙСТРУК
— Ведаеш, Гапа, — пачала Тацьцяна, стрэўшыся з Гапаю ідучы па воду: — А ў пасэсара гэтага, Макара Клумкі прыгожая дзяўчына — няўжо то яго дачка? На погляд, як быццам яны замаладыя для яе і тварам нігоднае неспадобны. То, бадай, якая-небудзь сваячка іх, у госьці прыехала; або служанка... Толькі, каб служанкаю была, ня так-бы адзявалася багата. Прынамсі ўчора я бачыла яе ў сьвяточным адзеньні, дык, паверыш, не наглядзецца дзяўчына... Ты, нябось, бачыла ўжо яе?
— А як-жа, бачыла — заўчора з поля ехала, пэўна скародзіла ў выганах. Сапраўды прыгожая дзяўчына. Я першая загаварыла з ёю, пазналіся мы і, ведаеш, я нават, запрашала яе прыйсьці на нашу зборню. Усё ёй расказала, як і што ў нас адбываецца гульня. У суботу прыдзе. Як, ці то добра я зрабіла? — папэўнілася Гапа.
— Вунь што кажа! Вядома, што добра! Гэта-ж цяпер наша зборня адаб‘е ўсіх хлопцаў ад гэтых менітых! — здавольнена выказалася Тацьцяна: — Цяпер у нас станецца гэткая зборня, што толькі падзівіцца. Нас зьбярэцца душ шэсьць: ты, я, Карпусянка, Грызюха, пасэсарчанка... Ня вельмі ўстрашылі, што аудзяліліся; яшчэ лепі... Як, бок, завецца яна, ты не пытала часамі?
— Чаму не, — палішчаная тым, што першай запрасіла да сябе пасэсарчанку, хвалілася далей Гапа: — Людвіся завецца... Праўда, пекнае імя?
— Пекнае, галубка, вельмі пекнае: Людвіська — каталічка, пэўна? Ну, а хто яна Макару, не пытала часамі?
— І гэта вызнала... Вызнала... Толькі нікому не кажы... Гапа аглядзелася вакола: — Яна прымачка пасэсарава. За дачку ўзялі... Але гэта выведала бокам...
Тацьцяна перш як-бы зьдзівілася, выказаўшы на твары лёгкае нездаваленьне, пасьля матнула рукой і сказала:
— Трохі ніякавата! Як дазнаюцца тыя, скажуць, — зьбіраюць усякае... Але, нічога! Ну, што-ж, няхай кажуць! Бяда вялікая!