раз стукнуў паўвасьмінаю аб руб брычкі — але не заўважыў, а плішчыў, каб паставіць на біла.
Нарэшце панатужыўся як мага і, штосьці зламаўшы, выцягнуў.
Паставіў якраз, каб узяць на плечы, і ўжо намерыўся стаць, як раптам зазванілі на абхаджэньне. Антосю пачулася, нібы хтось стукнуў ззаду ў пасудзіну, і ў яго ад спугу аслабелі рукі; выскаўзнутая каробка папала на калясо і зрабіла рэзкі трэск.
Конь рвануўся ўбок, пацягнуўшы брычку і стукнуўшы ёю ў плот. Гучны стук разьнёсься па дзядзінцы і аддаўся рэхам за цьвінтаром.
Антось адскочыў убок і перш памкнуўся бегчы, але раптам перадумаў і прытаіўся на мейсцы.
— Каб ты згарэла! Як назнарок! — вылаяўся ён у дзікім адчаю і праз хвіліну зноў хапіўся за каробку.
У гэты момант зусім недалечка пачуўся лопат бегатні і зычны вокрык:
— Хто-о там? Сто-ой! Стой!
Антось адскочыў ад каробкі і, зачапіўшыся за аглоблю, грузна паваліўся на зямлю.