— Нічога, зьмірыцца, — нераўнадушна адказаў Ладымер, прыўстаў і пагдядзеў у вакно. — З вашым братам усялякае бывае. Адны гэткія, а другія іншыя, — ён пусьціў па твары знарочыстую ўхмылку.
— Я думаю, таварыш Ложка, што мне мо‘ лепш будзе, калі я выеду ад вас.
— Ніякім чынам; нельга папускацца розным капрызам. Мала што яна захоча? Ёй не падабаецца, што займаюся тэатрам, пасьля нойдзецца іншае што...
За дзьвярыма пачуўся тонкі галасок Паўлусіка. Абое, Ладымер і Даміцэля, настаражыліся і абярнуліся паглядамі да дзьвярэй. Ладымер сабраўся папікнуць Акіліну і ў думках падбіраў адпаведны сказ. Паўлусік адчыніў дзьверы і першым убег у хату. А сьледам увайшла цешча. Ладымер зразу спаў з сэрца і спакойным тонам запытаў у. Паўлусіка:
— А дзе-ж мама?
— Ня ведаю, пайшла на дзядзінец.
— Вы, маці, яе ня бачылі?
— А ці-ж яна ня дома? — запытала цешча.
— Пайшла недзе.
— То хіба ня будзем яе чакаць, а сядайце ды абедайце, праказала цешча, прыглядаючыся на Даміцэлю, Акіліна надыйдзе.
— А ласьне ёсьць што-кольвек абедаць?
— Варылі сёе-тое.
Ладымер скрывіў злосную міну і цьвёрдым голасам адказаў:
— А яна-ж казала, што няма чаго... Давайце, што ёсьць... Сядайце, Даміцэля Вікэнтаўна. Сядай Паўлусік.
Хутка старая падала на стол капусту і ўсе ўчацьвярох прыняліся абедаць. За абедам ніхто нічога ня гутарыў і Ладымер, як і да гэтага, пазіраў на дзьверы і чакаў з няцерпам Акіліну.
Цешча таксама непакоілася за дачку, некалькі разоў устаючы з-за стала і падыходзячы да вакна.
— Дзе яна дзелася? — ня стрымаўся Ладымер, вылазячы з-за стала.
— Я хіба пайду пашукаю яе? — запытала цешча і, не чакаючы адказу, выйшла з хаты. Паўлусік пабег за бабаю.
Ладымер няпрыветным зіркам правёў іх да дзьвярэй і пасьля абярнуўся да Даміцэлі:
— Давайце, — Даміцэля Вікэнтаўна, я павяду вас паказаць нашу сцэну?
— Давайце, — згадзілася Даміцэля.