— Сядайце, Даміцэля Вікэнтаўна, — запрапанаваў Ладымер: А ты, Акіліна, дай нам паабедаць.
— Я не варыла.
— Дык звары.
— А ты дасі з чаго?
— Чаму гэта?.. Што тут за штукі такія! — пагарачыўся Ладымер і зразу прыціх, успомніўшы пра Даміцэлю. — Пашукай чаго; а не — на грошы ды пайдзі пастарайся купіць.
Нічога не адказаўшы, Акіліна выйшла з кватэры. З-за дзьвярэй пазвала Паўлусіка і вялела пазваць бабулю. Хлопчык хутка пабег па калідоры.
— Скажы, хай баба йдзе дасьць есьці бацьку, — пусьціла за ім удагонку.
Сама-ж выйшла на дзядзінец, пастаяла крыху каля ганку і крута павярнула к парку. Увайшоўшы ў яго, Акіліна, разам з подухам асьвяжаючага паветру, пачула ў сваім нутры цяжкае, балючае самапачуцьцё: як быццам-бы хтосьці сьціснуў яе сэрца і прыпыніў на самым развою ажыцьцяўленьне салодкіх выпакутаваных у апошнія хвілі надзей, быццам раптам пагасьлі ўсе агеньчыкі толькі-што народжаных жаданьняў, разьлічаных плянаў, і яна асталася аднэю-адна, чужою для сваіх і для чужых. Ногі пераступалі міжвольна, бо ў яе ня было ніякіх намераў, ні рашчотаў, куды йсьці і што рабіць. Вакол вісела цёмная заслона, канцы якое сыходзіліся ў кватэры, у істоце прывезенай Ладымерам дзяўчыны, а ў сэрцы, сьціснутым, хвалявала бурлівая, ядавітая злосьць. Што-хвілю Акіліне рабілася цяжэй на душы і што-хвілю злосьць мацней стукала ў мозаг.
У гэткім становішчы, бяспытальна, яна прайшла ўвесь працяг дарожкі, вярнулася назад і заламала направа. Прайшла яшчэ ганоў са двое і пасьля прысела пры кусьці агрэсту. Доўга прасядзела, кіпучы і згараючы ў нарастаючай злосьці. Падкінуліся сударгі, нэрвовасьць. Акіліна вярцелася і так і сяк, зрывала лісьце з агрэсту, не зважаючы на калюшкі, шчыпала траву, закідала голаў кверху, топячы пагляд у гушчы лісьцяў. Не зважала на пяяньне птушак, ня дбала пра шэршні, якія гулі вакол яе. Нешта пазывала яе знайсьці выразнае рашэньне, разарваць кола заварожнасьці, пераступіць вынікшы рубікон. Але, як і што? Якімі сродкамі, якім чынам? Акіліне рабілася душна ад ахапіўшага яе абурэньня, падыходзіла к горлу моташнасьць... Нарэшце, мо‘ праз гадзін паўтары цяжкіх душэўных пакут, раптам, як-бы хто пусьціў ёй электрычную іскру дзесяткаў вольт па сіле, Акіліна ўсхапілася