Старая падыйшла таксама і прытрымала Паўлусіка за фалду кашулькі.
— Заўтра тата вернецца; сёньня ўжо вечар, паглядзі, сонейка зайшло, і ў лесе ваўкі ходзяць...
— А мне гасьцінца прывязе?
— Прывязе, пэўна прывязе.
— А чаму ён сёньня ня едзе? А мо‘ яшчэ і прыедзе?
„Можа дзе й едзе“ — падумалася Акіліне і яна міжвольна выцягнулася ў вакно і паглядзела ўбок выезду з Скупляў. Чорны змрок, згушчаны ў каронах дзярэў, спадаў шэрай палатнінай к зямлі. Сіняе неба цьмілася змрокам, мяняючы празрысты промень на смуглы одсьвет тухнучага заходу. Над лесам, яшчэ няярка, мігацела вячорка. Яе вітаў жабін хор і рэзвыя дзіцячыя крыкі на дзядзінцы.
— Не паедзе, дзеткі, сягоньня; будзем лажыцца спаць, сыночак.
— Я пачакаю яшчэ...
— Трэба спаць, набегаўся за дзень... Лажэмся...
IX.
Паўдзённае сонца пякло, як і ў папярэднія дні. Стаяла духата — усе лужыны і канавы павысыхалі і ліпкі глей пакалоўся глыбокімі маршчынамі. Нават ветрыку не знаходзілася, каб паварушыць санлівымі расьлінкамі. Куды там гнаць коні ў такую пагоду! Фурман Посік аднак нясьціхана матаў пугаю, раз-по-разу хвастаў то правага, то левага і нокаў-нокаў... Але гэта было на паказ, няшчыра, абы не сядзець маўчліва і непарухна.
Ладымер яшчэ ў лесе зьлез з возу і, ідучы з ім, вёў гутарку з Даміцэляй Гумбінскай, маладою, пахудзелаю, з чэрствым, памятым тварам ні-то дзяўчынаю, ні-то маладзіцаю. Яна была адзета ў моднае плацьце, пераробленае з старога, з кароткімі рукавамі, буланае фарбы. Прычоска, таксама модная, біла на зухаватасьць і прыдавала Даміцэлі выгляд дасканалай артысткі. Тоўсты слой пудры на твары і чорныя пісагі пад сінімі вачыма, заўпалымі, непразрыстымі, кармон, як кроў, на губах, худых і тонкіх, пад стройным носам, які-б вельмі пасаваў ёй, каб крыху паўнейшымі былі яе шчокі, — заўпалыя, роўныя, як дошка, грудзі, з сінімі жыламі, з гострым вытыркам ключыц — сьведчылі аб нярадасным жыцьці жанчыны. Можна было пашкадаваць яе і пашкадаваць шчыра. Але бедны выгляд жанчыны ўсё-ж ня суміў яе, а быццам-бы быў зусім нязначным фактарам у яе жыцьці: яна была жывуча, рэзва, з настроем вяла гутарку з Ладымерам. Парог і