III.
У красную суботу Антось быў дома: з прычыны шабасу Іцка адмовіў яму ў рабоце. Праз цэлы дзень, карпаючыся ў хаце пры сім пры тым, Антось мусіў супакойваць дзяцей угаворамі, што ён яшчэ сумее для іх прыгатаваць каробку. Але чым бліжэй падыходзіў вечар, тым дзеткі рабіліся неспакойней і падазроней: яны ўсё нахабней лезьлі да Антося і назойлівей вымагалі ў яго хутчэй дастаць мукі, яечак і купіць парася. Выбягаючы на вуліцу, яны бачылі, як другія дзеткі бегалі з яечкамі ды кавалачкамі сьвежых булак, а ў іх нічога гэтага ня было. Забягалі Сёмка і Прузя ў суседнія хаты і завідна сачылі, як там ішла клапатлівая падгатоўка да сьвят. Пакрыўджаныя, яны прыбегалі дамоў і плакалі, ня бачачы гэтага нічога. Юстына, скрапіўшы сэрца, таксама маўчала праз увесь дзень, як-бы сваім маўчаньнем пасылала папрок Антосю. Антось адчуваў гэта і сузнаваў, што віна за труднае становішча ў вялікай долі падае на яго. І яму цяжка рабілася, што ён ня можа згладзіць вострасьці гэтага становішча. „А можа я мала стараннасьці прылажыў, каб дастаць грошы?“ — правяраў ён сам сябе, не перастаючы вынаходзіць розныя іншыя спосабы.
У цяжкіх супярэчках душы прайшоў дзень. Вечарам разувераныя ў бацькавых абяцанках дзеці улягліся спаць. Антось нэрваваўся і непакоіўся — з яго роздумаў нічога ня выходзіла.
Нарэшце яму зрабілася зусім нявыносным сядзець у хаце, і ён а 10 гадзіне ўвечары вышаў на двор. Зорная вясеньняя ноч крыху асьвяжыла яго. У ва ўсіх хатах сьвяціліся агоньчыкі. У паветры чуўся пах булак і мяса. Ён прысеў на сваёй прызьбе і тутка, зьнябыўшыся, задрамаў. Апалове дванаццатай ночы яго абудзіў звон да ўсяночнай. Антось хутка падняўся з прызьбы і, не заходзячы ў хату, пайшоў у бок цэрквы.
На вуліцы стала ажыўлена: людзі выходзілі з хат і з запаленымі сьвечкамі сьпяшылі на ўсяночную. 3 чужых вёсак ехалі фурманкі, вязучы пасьвячаць карабкі. Чулася вакол нейкая ўрачыстасьць. Але на душы Антося было брыдка: ён ішоў на звон, пакінуўшы ў дому засмучаную жонку й пакрыўджаных дзетак. Уся ўрачыстасьць была для яго ня толькі чужою, а нават і варожай. Гэта адчуваў Антось з таго моманту, калі выясьнілася, што яму надыйшоўшае сьвята прынясло многа дарэмных клапотаў і парушыла ўложаную хаду жыцьця. Чуючы звон і бачачы сьвяточны рух, ён даходзіў да злосьці і праклінаў сваё жыцьцё і грамадзянскі лад. Антося дзівіла ўся заблытанасьць і супярэчнасьць яго, якая выгля-