Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/249

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Што з вамі, Акіліна Іванаўна? Што з вамі, галубка?.. — пытаў Цыбулін, сумеўшыся.

Акіліна маўчала, усё больш і больш бязволячыся і апускаючыся на Цыбуліна ўсёю сваёю істотаю, цяжкаю, вогнена-палкаю... Яе губы бязмоцна шавялілася, штосьці лавілі, рухалі ў нэрвовых сударгах, выпускалі нязвязныя словы, шэпты...

Цыбулін зразумеў... Як злодзей, вострым зіркам кінуў на адчыненае вакно, пасьля на дзьверы, прыўстаў крыху з крэсла і ёмкім прыёмам тыгра, які хапае сваю здабычу, хапіў Акіліну на рукі і панёс к ложку.

Толькі шэсьць цьвёрдых, частых ступаў прагучэлі ў пустой каморцы, аддаўшыся ў яе чатырох сьценах гулкім рэхам, якое ў свой чарод, зьлілося з апошнім трэскам ложка...

Акіліна ня помніла, што з ёю робіцца — яна згубіла памяць тады, калі яе крануў за руку Цыбулін... Звычайна так бывае ўсягды: памяць працуе ў моманты, калі ў чалавека толькі-што вынікае тое ці іншае жаданьне, і гіне рассудак тады, калі вынікшае жаданьне захапляе сваю афяру цалкам. Акіліна на нейкі час як-бы перамагла свае пазывы, доўга валадаўшыя ёю, як-бы паднялася над імі, але ў рашучыя хвіліны ў яе не хапіла сілы і яна падалася, абязволілася. Стала цёсачкай, якая плавае па бурных хвалях, якой залежыць ад чужой волі быць папхнутай на дно, ці выхапленай... Апошняга ня здарылася: Цыбулін падапхнуў, а ня спыніў размах хваль...

Толькі праз хвілін дваццаць, а то й болей, Акіліна агледзелася, як і што з ёю зрабілася. Яна расплюшчыла вочы і паглядзела на вакно. Было яшчэ відна на дварэ, але на лісьцях дрэў адбівалася праменьне ўжо пачырванеўшага сонца, апушчанага к заходу. Лісьце не трапяталася, знача на дварэ стаяла сьціш. Акіліну інстынктыўна пацягнула ўстаць і яна павярнула на каморку, але стрэлася поглядам з Цыбуліным, які ў растрывожаным, нясьмела-сарамяжым выглядзе твару, стаяў у галаве ля падушак і чакаў, пакуль яна прароніць слова, з якога-бы ён мог заключыць, ці яму йсьці ці аставацца. Ён прагна чакаў хоць якога зыку ад яе і нязьмігутна глядзеў ёй у твар. Акіліна нутром улавіла яго настрой і спагадліва-нядбайна, нават з агідаю, спакойным голасам праказала:

— Ідзеце, Цыбулін, мне хочацца астацца аднэй. Ідзеце прашу я...

Цыбулін ёмка схінуўся, хочачы пацалаваць яе, але Акіліна знакам рукі заставіла яго выпрастацца; як ігрок, які жывучы натужным жыцьцём, перад новым сэансам ігры адчувае салодкую трывогу мажлівага посьпеху, а кончыўшы ігру і астаўшыся з невялікім пройгрышам, адчувае цяжкае разувер‘е — як