Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А, бачце, яму сям‘я на другім пляне...

Падскваранае сала ня сьціхала трашчэць, папаўняючы скавараду тлустым лёкам. Румяныя скваркі выразна пярэсьцілі чорную галу пасудзіны, як маленькія выспачкі ў цёмнай вадзе. Старая напоўніла лаханку белаю, аскрэбенаю бульбаю і палівала яе вадою з меднае конаўкі. Раптам абедзьве прыпыніліся і прыслухаліся.

— Ідуць абое, здаецца! — прамовіла старая.

— Ідуць!? Але! А ў мяне яшчэ вячэра не гатова...

— Нічога, падложым дроў, і бульба ўраз зварыцца...

Яны разьбегліся па куткох пакою, адна за вадою, другая за нечым іншым.

— Можа дроў няма? — запытала старая.

— Нічога, я выскачу вазьму, — адказала Акіліна і пабегла к дзьвярам. Але не пасьпела хапіцца за ручку, як яны адчыніліся, і ў кватэру ўвайшоў Ладымер з сынком, а за ім Парог.

— Добры вечар у хату! — павітаўся ўпраўляючы, працягнуўшы руку Акіліне.

— Вечар добры! — адвіталася Акіліна, зрабіўшы на твары міну неспадзейнасьці.

Парог угадаў Акілінін настрой і пераняў неспадзеўкі.

— Я бачу, вы зьдзіўлены маім наведваньнем?

— Так, проста прымха. Другі тыдзень побач, а вы ўпяршыню заходзіце.

— Ведаеце, так няма часу, так няма часу, што хоць ты лопні... Аж самому няпрыемна, ведаеце... Што-ж, што-ж... — Парог убачліва схіліўся і разьвёў рукамі. — Ды і то трапіў таму, што вось заўтра маю ехаць разам з таварышам Ложкам у Кругі.

— І вы паедзеце?

— Я і агароднік таксама...

— Усё начальства, — пажартавала Акіліна.

— Не, якраз пакідаем намесьнікам сабе нашага Цыбуліна... Будзе ахоўваць вас...

Акіліна патужылася стрымаць раўнадушша, але міжвольны проблеск здаваленьня, раптам прабегшы па яе твары, выдаў яе. Парог хутка адвярнуўся ўбок, сказаўшы:

— Выбачайце. Вы йшлі кудысь, а я затрымоўваю толькі вас.

— Нічога, пасьпею. Дроў трэба пален некалькі ўнясьці. Вячэру гатоўлю...

— Я зьбегаю, — перабіла старая і, не чакаючы адказу, вышла з кватэры.