Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У хаце Ермалая якраз абедалі. Невялічкая сям‘я, з чатырох душ, сядзела наўкола стала, увіхаючыся над міскаю. Антось парушыў абед: усе адвярнуліся ад стала і паглядзелі на яго, крыху зьдзівіўшыся яго наведаньнем.

— Го-о, чагосьці заблудзіў, Антось? — пераняў Антося Ермалай.

— Дзень добры... Так... заблудзіў... Бываюць выпадкі... і вось, пэўна, не дагадаецеся, чаго прыйшоў, — адказаў Антось, прысядаючы на лаве.

— Кажы... — прамовіла жонка Ермалая.

— А-ж брыдка казаць, — замяўся Антось.

— Нічога. Няма чаго царамоніцца: можна будзе — выпаўнім, не — прабачыш, — разважыў Ермалай.

— Я, ведаеце, — суцішаным голасам праказаў Антось:-зайшоў папрасіць, каб вы мне на які тыдзень грошай рублёў два пазычылі. Так прыпёрла, што нельга вылузацца. Спадзяваўся на Іцку, а той, гад, як назнарок, не дае. Я, бач, раблю ў яго гэтыя дні, зарабіў, усё, а вось не дае, гад. А прыпёрла, хоць ты гвалту крычы. Тады я й надумаў пабеспакоіць вас. Што вы скажаце на гэта?

Ермалай, кончыўшы есьці, падняўся з-за стала і падыйшоў к прыпечку, каб зьвярцець папяросу. Пры гэтым ён маўчаў, як-бы раздумваючы над адказам Антосю.

— Ведаеш, браце, — нарэшце сказаў Ермалай, зьвярцеўшы й прыпаліўшы папяросу: — хоць і ня ёмка, але прыходзіцца адказаць: няма. Сыскаў заўчора ў Азіка, што муку вазіў у Крыжы, і ўсё распусьціў на сьвята. Ты-ж павінен ведаць, што грашам у нашым становішчы ніякай меры няма. Тут каб тысячы — то разыйдуцца, а то... прабачай, браце Антось...

— А можа як-кольвечы... — паспрабаваў Антось яшчэ і зразу-ж супыніўся, пачуўшы нейкую няёмкасьць: — Так, ды яно-ж вядома, адкуль тыя грошы. Я так, проста, сабе думаю, давай зайду на кожны выпадак... — паправіўся Антось: — А няма — то, што-ж зробіш — трэба яшчэ дзе-кольвечы пашукаць. Бывайце здаровы.

Антось выйшаў з хаты зусім растроеным і прыгнечаным. 3 адказам Ермалая не аставалася больш нічога, як згадзіцца з думкаю, кінуць далейшыя клапоты па адшуканьню грошай і быць, як ёсьць. Праўда, цяжка гэта перацярпець, але нічога не парадзіш.

Каб не растройваць жонкі, Антось рашыў ня йсьці абедаць, а вярнуўся на работу не абедаўшы.