Заўтра-ж не пасьпею, — адказала Акіліна. — А Паўлусік дзе? — запытала яна.
— Бегае, яшчэ к бацьку пабег... А болей што ты будзеш пячы?
— Каўбаску якую; вось купіла надоечы ў Башлыкавых... Вы, мама, наскрабеце бульбы на вячэру. Зараз ужо Ладынер павінен прыйсьці.
— Нешта, я бачыла, да яго ў паравік пайшлі ўпраўляючы і канторшчык, а з імі яшчэ нейкіх двое мужчын... Гэты канторшчык, на яго ліха, такі далікатны мужчына, што міла паглядзець; як паніч які — ды годзе.
Гэты сказ яе быў так не ў пару! Акіліна пакінула скавараду на чыгунцы, а сама падышла к вулічнаму вакну і паглядзела ў бок паравіка. Густая прыземная ракіціна заступіла ад яе вачэй яго сьцены, і Акіліна, паглядзеўшы комін і стрэху, вярнулася к печы.
— Не павінны там доўга быць, ужо вечарэе, — праказала яна.
— Я думаю, калі яшчэ ня зойдуць у тэатр.
— Гэта ня йначай... Я й забыла, што ён ёсьць у нас...
— Нарабіў-жа, ведаеш, гоману ён па ўсіх Скуплях... Дзяўчаты, хлопцы, дзеці — не дачакаюцца...
— Увесь час за гэтымі тэатрамі... занядбаў усё... Нікому ня трэба — а яму...
Гэтыя словы Акіліны мелі ў сабе звычайную нездаволенасьць, ужо застарэўшую, цьвёрдую і едкую. Аднак маці не западозрывала гэтага — яна, наогул, мала ўдавалася ва ўзаемаадносіны паміж дачкою і яе мужам. Акіліна не выдавала мацеры сваіх скрытных думак, а Ладымер з сваёю халоднасьцю да сямейнага жыцьця выглядаў у ваччу старое занадта крутым бальшавіком. Дачка не здаволілася гэтым — то прымячала маці, але не падлівала масла ў вагонь. Наогул тое, што зяць трымаў яе ў сябе, абыходзіўся з ёю добра, з павагай, рабіла Ладымера ў вачох цешчы харошым чалавекам, памяркоўным і сталым гаспадаром. За гэтыя якасьці цешча даравала-бы яму ўсе недахваткі яго, каб і ведала іх. І нізашто-б не прасьціла Акіліне яе помыслаў, яе скрытных, навеяных Цыбуліным, думак, каб толькі праведала аб іх.
— Ну, што-ж — няхай строіць тэатры, гэта-ж невялікая бяда, — разважала цешча.
— Не бяда, калі ў меру, а калі ўжо занадта зацягам, тады моташна робіцца, тады горш бяды, не згадзілася Акіліна.
— Бач, ужо яго гэткая натура; не перавучыш-жа сталага чалавека... Другія гоняцца за горшым, а тэатр...