пырскамі пакрапілі мозг. Так бывае ў выпадках, калі чалавек, разагнаўшыся ўдагонкі за намечанай мэтай, пры дабліжэньні к ёй, раптам траціць яе сьлед.
Акіліна, выправіўшы мужа з абеду на работу, прынялася за гатоўку яму сяго-таго на дарогу: папершае, яна дастала з куфэрка сьвятошні гарнітур, падчысьціла яго і падпрасавала; прыгатавала чыстую бялізну, а пасьля завіхнулася ля яды. Падпаліла ў чыгунцы, дастала з кубелка кавалак сала і пачала крышыць. Усё, як рупная гаспадыня й жонка. Але думкі працавалі ня ў тахт рукам ды нагам: думкі пераносіліся ў заўтрае. „Ладымер едзе“, спляталіся яны ў словы, „пэўна, заўтра я яшчэ буду спаць, як ён выедзе. А можа разбудзіць? Трэба-ж к абеду заехаць... Так... Ці адзін? Няўжо й Цыбулін паедзе?.." Слова „Цыбулін“ выклікала ў яе душы лёгкі жах і нявыразнае, адначасна радаснае і палахлівае пачуцьцё. Ажно пад яго ўплывам цішэй пачалі хадзіць рукі, і густая ліпкая вяласьць разьлілася па целе. Акіліну пацягнула к вакну, якое зранку было адчынена для асьвяжэньня кватэры. Яна падышла, перагнулася на падваконьнік і ўстраміла погляды ў гушчу ліпавых карон. Зелень, чорназялёная, укропленая бела-жоўценькім цьветам, залашчыла яе вочы, заваражыла да сябе. Гарачае сонца паліравала лісткі, павернутыя да яго, і палівала прамяністым сьвятлом процьму пчол і вос, лятаўшых над ліпамі, падтрымоўваючы роўны зьлітны гудгармоньню. Тонкі водыр уліўся Акіліне ў грудзі і сп‘яніў думкі, разьліваючы гультайную асалоду. Раз-ад-разу праляталі птушкі, кідаючыся наляту ў лісьцяную гушчу і адтуль падаючы свае галасы. З-за вулічнай сьцяны даносіўся тонкі галасок яе Паўлусіка і ўшчунак малога бабаю... Акіліна не зважала гэтага. Ня прымеціла яна і таго, як сонца паціхай украдкаю спусьціла пучок свайго сьвятла з даху дому і каўзанула ім па яе твары.
Гэта нявыразнасьць настрою, які ні зваў, ні прыпыняў, ні цешыў, ні суміў, трымала Акіліну на месцы каля паўтары гадзіны. Стук дзьвярыма перабіў яго. Акіліна хутка адвярнулася на пакой і падбегла к чыгунцы. Паглядзела. У чыгунцы жухацеў чырвоны прысак, абложаны вакола попелам. На крэсьле помеж стаяла скаварада з раскрышаным на ёй салам і з нажом між сала. Акіліна, ня гледзячы, хто ўвайшоў, хапілася за скавараду і паднесла яе к чыгунцы, але тут-жа адумалася, паставіла зноў на крэсла і нагнулася за некалькімі паленцамі, каб падлажыць у печ.
— Ты паліш чыгунку, дачушка? — запытала Акіліну маці, падыходзячы к ёй.
— А як-жа, трэба сьпячы Ладымеру сала на дарогу.