верыла, што ў іх будзе іначай, весялей, як у іншых глухіх куткох. Нарэшце перамагла гэта пачуцьцё, вырабіла ў сабе бадзёры настрой, пагадзілася з лёсам і намерылася нясьці лямку на працягу году... А мо‘ выпадак здарыцца які, а мо‘ раптоўна праблісьне які шчасьлівы момант? Якраз ён не заставіў сябе доўга чакаць. Прымха нейкая падвяла к ёй Цыбуліна. І як на зло надало ім стрэцца ў гэткую мінуту, калі на твары Цыбуліна склаліся неадхільныя рысы, чаруючая ўхмылка, якія прайшлі ёй, Акіліне, у нутро і абнадзеілі яе салодкімі надзеямі. Яна адчувала прыкрасьць гэтых надзей, бачыла косыя озіркі Ладымера, ведала, што муж калі-небудзь зазнача ёй гэта, прызнавала сьлізкасьць сваіх крокаў — яна ступіла на гэткі шлях — і... не магла сутрымацца. Цыбулін засеў у голаў, зацьміў Ладымера, Паўлусіка, сямейнае ціхае жыцьцё, яго непарушнасьць, падцяў нясуменную павагу з яе боку да мужа, хоць ня палкую, а калісь моцную любоў да яго. Сама не разьбіралася, як усё ідзе, як скручваецца клубок... І ў той-жа час думка, што „Ладымер паедзе ў Кругі!“ суцяшала Акіліну, як суцяшае хлебароба пагодлівы час у жніво. Яна яшчэ раз малявала сабе вобраз саду, ночы, спатканьні з Цыбуліным, ласкі... ласкі...
І дрыжэла, каб хаця ўсё асталося ціха, шыта-крыта, мінутна, пераходна, каб ніякага сьледу не пакінула гэта на ўзаемаадносінах з Ладымерам. Гэта было штосьці на манер загавору, падгатоўка помсты мужу за яго грахі ў сямейных узаемаадносінах.
Акіліна раз-у-раз паглядала на Ладымера, баючыся, каб ён чуцьцём не падслухаў яе думак і, бачачы яго замілаваную заспакоенасьць, суцяшала сябе: „А я-ж ведаю, што ты не адзін раз зрабіў тое, што табе хацелася. І, пэўна, не пахвалішся мне. А я маўчу. Няўжо будзе грэх, калі я хоць раз прытаю табе сваю... чыннасьць“.
— Калі-ж ты паедзеш у Кругі? — дапытвала Акіліна Ладымера і тут-жа выспрабоўвала яго:
— А, можа, чуеш, ня варта табе езьдзіць у мястэчка? Пачакай нейкі час, а ну-ж зьбярэцца больш спраў?
Хітра падыходзіла яна да яго і паглядала яму ў вочы, гадаючы аб адказе.
Ладымер памаўчаў і рашуча адказаў:
— Я не за аднэю справаю паеду; бачыш, трэба пячніка наняць, каб зрабіў грубку ў кватэры, шкла трэба купіць, каб зашкліць вокны; а да гэтага — казённыя справы, таксама патрэбны шрубы, напільнікі. Не, паеду абавязкова.
Задаволеная ў глыбіні душы, Акіліна запытала:
— А калі ты канчаткова паедзеш?