Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Акіліна чула гэтыя гутаркі на кожным кроку. Выходзіла з хаты на дзядзінец, ішла да каго пазычыць што-кольвек, вечарам, седзячы на прысьбе, — усягды і ўсюды яе распытвалі жанкі і дзяўчаты, ці скора таварыш майстар наладзіць тэатр. Многія кабеты няскрытна лісьцілі ёй у вочы, хвалячы Ладымера і лічачы яго за дарагога для іх чалавека.

— Каб ня ваш гаспадар, — казалі Акіліне жанкі, — дык тут ніхто не дадумаўся-бы гэтага зрабіць. Кожны заняты сваімі спрадамі і не шманае. А нашы мужчыны, ведама, цёмныя, ня сьцямяць гэтага.

Акіліна мала ўдавалася ў гаворку аб тэатры: адкажа двума-трыма словамі на запытаньне і пяройдзе да другога. Аднак яна не хацела выказваць сваіх поглядаў на мужаву зацею і ні адным крывым словам не абмаўлялася па адрасу тэатру. Не пярэчыла яна нізваньня і ўдому. Ладымер варочаўся на кватэру стомлены, запылены, у поце, паведамляў ёй аб зробленым за дзень, а яна, нібы адабраючы яго, пакіўвала галавою і казала:

— А я Паўлінку ганю на ўсіх парох.

Ладымер прымаў словы жонкі за пахвалу сабе і яшчэ больш захапляўся справаю тэатру.

— Паглядзі толькі, як усе задаволены! Праходу не даюць — усё распытваюць. Прыяжджаюць з сёл і дазнаюць. Забачым, як разьвярну працу! Зусім і забудзеш аб горадзе! — хваліўся ён жонцы. — Вось толькі паеду ў мястэчка ды куплю матэрыі на завесу, крыху грыму і, бадай, праз тыдзень-другі можна будзе даць першы спэктакль.

Тое, што Ладымер меўся хутка паехаць у мястэчка, найбольш цікавіла Акіліну. Ёй прагна хацелася часовай перамены, мінутнага проблеску ў ходзе яе сямейнага жыцьця. Частыя пераезды з месца на месца, адданьне Ладымерам вялікае ўвагі на грамадзянскую справу, яго нядбайнасьць да сям‘і — сьціскалі Акіліну жалезнымі абручамі нудоты, глушылі надзею на шчасьлівыя мінуты, на выкарыстаньне мажлівасьцяў сямейнага шчасьця. Адчуваньне гэтага кранула яе душы ўжо пасьля выезду іх з Крумкаў, дзе ў глушы ды ў адзіноце яны пражылі амаль ня цэлы год. Горад, куды яны вярнуліся, хоць провінцыяльны, далёкі па размаху жыцьця ад Пецярбургу, расшавяліў Акілініну душу гарадзкім гмахам жыцьця, дапомніў ёй аб шумлівым і рэзвым дзявоцтве і пасеяў нейкае цьмянае, нясьмелае жаданьне. Акіліне не хацелася ехаць у Скуплі, — страх, як не хацелася, і праз цэлыя дзень і ноч перад ад‘ездам яна перабірала ў думках усе ўмовы й абставіны, з якімі прыдзецца спаткнуцца ў новым саўхозе. Баялася глушы, як мыш сьвятла. Ня