чаў кіраваць работаю, паказваючы і расказваючы кожнаму цэху рабочых, як і што рабіць. У самога-ж у руках былі сантымэтр, цыркуль і напільнік. Хвіліна ад хвіліны ён сам прырываўся да машын, аглядаў, вымяраў, адкручваў шрубкі.
На абед Ладымер дазваляў сабе толькі паўгадзіны і ўжо шмат пасьпяваў паўвіхацца, пакуль вярталіся з абеду рабочыя. Гэтыя былі зьдзіўлены павядзеньнем Ладымера і пільна абгаворвалі яго паміж сабою.
Наогул асабістасьць характару Ладымера, як чалавека, і працаздольнасьць, як работніка, за першыя дні яго прыезду ў Скуплі ўжо былі ведамы ўсяму насяленьню саўхозу. Аб ім заўзята перагаворвалі рабочыя, талкавалі служачыя і шушукалі кабеты. Пэўна, не аставалася бяз прыкрас, што звычайна ў сялянскім быце. Тым болей загудзела гутарка аб майстры, калі ён узяўся за працу. Асабліва з цікавасьцю чакалі ад Ладымера наладжаньня ім тэатру. Ужо толькі ён агледзіў памяшканьне, забубнілі, як адзін, аб акторскіх здольнасьцях Ладымера.
Тэатр вельмі гостра чапаў жыхароў саўхозу, і яны не аднораз скардзіліся самі сабе на адсутнасьць у іх жадных забаў. Калі адзін раз успамянуў аб патрэбе тэатру для саўхозу ўпраўляючы яго Парог, то пасьля моладзь не давала яму спакою, закідаючы пытаньнем — калі-ды-калі, нарэшце, уладуе ён яго. Упраўляючы перш абяцаў у блізкім часе, а пасьля скардзіўся на няйменьне часу... Цяпер-жа, з прыездам Ладымера, ён зарадаваўся, што гэта справа можа ажыцьцёвіцца, і ўсім хваліўся, што тэатр наладзіць мэханік. Парог абяцаў Ладымеру ўсякую дапамогу ў справе пастройкі тэатру і, калі Ладымер прыступіў да гэтага, упраўляючы набраў да дзесяцёх чалавек моладзі і прыслаў пасабляць Ладымеру. Стараўся пасабляць і сам.
Гэткім чынам, ужо праз тыдзень у Скуплях стараньнямі Ладымера была пабудована сцэна і умайстрована ўсё для тэатру. Асталося намаляваць завесу, некалькі дэкорацый і здабыць трохі грыму. Ладымер узяўся і гэта зрабіць, прыўрочыўшы на паездку ў мястэчка Кругі. Недастача адмечаных рэчаў лічылася ім нясур‘ёзнай, і ён, сваім чарадом, пачаў адшукваць хлопцаў і дзяўчат для развучваньня роляў у намечанай да першай пастаноўкі „Паўлінцы“. Галоўныя ролі Ладымер думаў раздаць Акіліне, Парогу і сабе. Аб гэтым пляне Ладымера хутка праведалі ўсе скуплеўцы і шмат-шмат гутаркі разьвялі па саўхозе. Водгаласкі яе разьляцеліся нават па вакольных вёсках.