вярцелася на месцы, нэрвавала, то апускала, то паднімала вочы, то хмурыла, то чарсьцьвіла твар. Здавалася, пахвільна апускалася, раставала, як сьвечка, завядала, як сарваная рожа. Цыбулін калупаўся ў яе балючым месцы...
— Ладымер, хадзем, нарэшце, дахаты, ужо далёка за паўдня, а ты яшчэ не аграшаўся нават. Ці-ж можна так? Цябе тады ня хопіць і машыны паправіць... Хадзем, — ня стрымалася Акіліна.
Але, калі яе слоў Ладымер не заўважыў, тады Акіліна ў большай нэрвовасьці пераказала іх.
Ладымер, аднакава, ня зразу адарваўся ад машын — яшчэ хвілін з пяць папрабаваў розных частак яе і, толькі ўгледзіўшы, што ўсе на дварэ, а ён размаўляе й судзіць сам з сабою, вышаў.
Падзівіўшыся з пагоды, яны разышліся.
VI.
Справа з кватэраю ў Ложкаў не зацягнулася: Ладымер уладзіў яе ў тры дні. Назаўтра, пасьля агледзін саўхозу, ён Зранку, разам з жонкаю й цешчаю, прыняліся за ўборку сьмецьця і чыстку. У абед Парог падаслаў двух рабочых і сталяра. З апошнім Ладымер умовіўся паправіць рамы ў вокнах, зрабіць перагародкі і некалькі зэдлікаў, палавіну чаго ён зрабіў у два дні. Рабочыя пасобілі перанесьці печку-чыгунку, пару сталоў, шафу і калыску, дадзеныя для Ложкаў упраўляючым саўхозу. Таксама рабочыя перанясьлі з часовага памяшканьня, дзе спыніўся Ладымер з сям‘ёю, яго прывезеныя хатнія рэчы — гэта ў адзін дзень. На другі-ж была падмыта падлога і пабелены сьцены. Аставалася паправіць печ і зашкліць вокны. Гэтага ўжо нельга было выпаўніць сіламі саўхозу, і Ладымер мусіў ехаць у мястэчка Кругі. Але паездку ён ня лічыў перашкодай для перабраньня ў кватэру, і ўжо чацьвертую ноч Ложкі начавалі ў сваім памяшканьні. Часовыя няўдобствы, хоць і рупілі яму, усё-ж не маглі адбіцца на патрэбнасьці пачынаць работу па рамонту. Якраз к гэтаму часу павінны былі цесьлі пачаць падбудоўку дзераўляных частак заводу, а чорнарабочыя — ачыстку ад пяску й бруду. Таксама пад наглядам Ладымера трэба было нарэзаць дзерава ў лесе і пачаць пілоўку. Адным словам пуск работы па адбудаваньні заводу цалкам залежыў ад мэханіка Ладымера Ложкі, і ён, Ладымер Ложка, вымушан быў прыступіць да яе.
На чацьверты дзень з дзевятай гадзіны раніцы, выпіўшы, як і ўсе дні, кубак малака, Ладымер ужо быў каля будынку заводу. Усіх рабочых ён узяў на падлік і з захапленьнем па-