— Дзе... Ужо шабас надыходзіць. Дзе там дастанеш! Няма, браце... Нават і не спадзявайся.
— Няма? Ах, што-ж я рабіцьму? —горна выказаў Антось, хапіўшыся аберуч за голаў: — то-ж прыдзецца на сьвята бяз хлеба астацца-а...
— Як? Чаму? Няўжо ў цябе падышло да таго? Ці ты маеш лад? То будзе вельмі крыўдна, калі так. А хіба-ж ты напавер ня можаш дастаць? Зайдзі да Хрумы ці да Маталя і папрасі: яны павінны даць... Вось цяперака, у абед... Ужо вечарам адробіш... Трэба-ж, вядома, к вялікадню сёе-тое купіць, я ведаю па сабе...
Антось нічога не адказаў, а моўчкі кінуў работу і пайшоў да хаты. Ідучы, ён пільна раздумваў над праваленым плянам. На сэрцы ў яго было так няпрыемна, нібы хто насыпаў на яго чэмеру. Не хацелася думаць аб ядзе, ды яна зусім непатрэбна была яму сёньня. Куды там з ядою, калі вось сьвяты на носе, а ў хаце ні капейкі грошай. Прыдзеш дамоў, жонка зразу і стрэне пытаньнем: — „А як на конт грошай? — Што ёй адказаць будзе?. Адлажыць на вечар? Ці-ж паверыць Юстына? Ды й вечарам што я зраблю? Ермалай? Хто яго ведае... Мо‘ яшчэ ў хаце не застану... Зайду хіба цяпер да яго“, разважаў Антось.
Ужо ён падыходзіў да свае хаты, але вярнуўся назад, каб зайсьці да Ермалая. У грудзях яго скрабло сумненьне; тыя запэўненьні, на якія ён мусіў пазычыць хоць два рублі ў Ермалая, паказаліся яму зусім слабымі, каб той паверыў. Праз гэта яму рабілася ня ёмка перад таварышам, якога, фактычна, ён ішоў ашукаць.
Чым бліжэй Антось падыходзіў да Ермалая, тым не рашучай былі яго крокі і тым брыдчэй рабілася яму перад самім сабою. Але варочацца назад было яшчэ горай: выйдзе што— ня выйдзе — трэба давесьці да канца. Як-ні-як, ён ішоў пазычаць грошы не на што-кольвечы малаважнае ці брыдкае, а на жыцьцёвыя патрэбы. У змаганьні за жыцьцё нельга заўсёды праехаць на чэснасьці. Што-ж, дзе можна схлусіць ці абмануць, каб выратавацца з цяжкага становішча, чаму не зрабіць гэтага? Тым болей гэта будзе дарована яму, бо на сваім вяку Антось яшчэ ніколі не карыстаўся гэтым.
— А мо‘ й ня дойдзе да таго, — разважаў ён, увайшоўшы ў двор Ермалая: — няўжо такі Ермалай будзе распытваць ды ўпэўняцца, нашто мне грошы? Або не паверыць? Не павінна таго быць, усё-ж свой чалавек.
Гэта самаразвага падвесяліла Антося, і ён цьвёрдым крокам прайшоў у хату.