Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вядзеньні сярод сялян культурнай працы, галоўным чынам, праз організацыю тэатраў. Мітынгаў Ладымер не паважаў і ня бачыў ад іх тае карысьці, якую, па яго, дае тэатр.

І вось, угледзіўшы вялікую залю, самае важнае для заснаваньня тэатру, Ладымер увесь растаў ад душэўнага ўміленьня і раптам захапіўся думкаю/каб як найхутчэй яго наладзіць.

Упраўляючы зваў яго йсьці ў сад, а там у паравік, знарок выходзіў на ганак, пасьвістваў і злаваў, што траціцца час, а Ладымер і не зважаў, як нібы-то той, хадзіў па залі, вымяраў шагамі даўжыню й шырыню, плянаваў выгляд сцэны і нават перакідаў думкамі назовы розных беларускіх і расійскіх п‘ес.

Так прайшло добрых паўгадзіны, прайшло-б і болей, каб Ладымеру не памяшалі жонка з канторшчыкам, якія прыйшлі к ім, каб разам пайсьці агледзіць саўхоз.

— А мы вас шукаем, а мы вас шукаем! — з наданай рэзвасьцю не праказаў, а прагукаў канторшчык.

— Уладзя, ты-ж яшчэ нашча, мо-б пайшоў чаго перакусіць? — ад сябе запрапанавала разьвясёленая Акіліна. Ладымер хмурым поглядам акінуў жонку й Цыбуліна, прамаўчаў момант і суха адказаў:

— А вы-ж там найшлі што паесьці, ці і ты галоднай бегаеш з таварышам Цыбуліным?

— Я, ды мы ўсе, сяго-таго зьелі пакрысе. Я дастала малака, а яец і сала троха было, і сьпякла яешню, а то наварыла заціркі.

— А Паўлусік як гуляе?

— Даўно я яго абвадзіла па ўсім дзядзінцы; ён усё прасіўся к табе...

— А чаму-ж не ўзяла?

— Пасьля ён найшоў кампаньню і не захацеў ісьці... Там мая маці з ім. А я з таварышам Цыбуліным прыйшлі сюды, каб разам пайсьці аглядзець саўхоз... Хадзем-жа, чаго ты тут марудзіш...

— З Цыбуліным? — папракнуў Ладымер і раптам, каб не стварыць гэтым папрокам абвостраных стасункаў у неналежным месцы, перайшоў на другое. — Паглядзі, Акіліна, які добры тэатр будзе. Я проста адарвацца не магу; тут трыста чалавек памесьціцца... Гатуйся — хутка мусіш вывучваць ролю.

Прапусьціўшы першае слова мужа, Акіліна наконт тэатру адказала:

— Ды я ведаю, цябе й цягнула ў Скуплі для гэтага... Не за-