Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/226

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я таксама. Ды, прызнацца, ужо хочацца. А ў вас, пэўна, тут нечага дастаць? — пацікавіўся Ладымер, пералазячы платы.

— Так, трудна; апроч малака, амаль-што нічога нельга дастаць. Ведаеце, адкуль-жа яно будзе. Мяса й сала купляем у Кругох. А калі ў каго й ёсьць, то для сябе... Выбачайце, — перабіў самога сябе Парог, — я зусім забыў вам паказаць яшчэ залю, дзе я думаю зрабіць тэатр... Ведаеце, зразу не разарвешся на ўсё. Трэба й тое, трэба й тое, а без тэатру, прызнацца, і нуднавата ў нас, у глушы. Зрэдку езьдзім у мястэчка, але ўсе не паедуць і часта не паедзеш, а тут-бы можна было спэктаклі ладзіць і вясьці культурную працу... Да бяда — не з кім, таксама... Вось зойдзем...

Парог павярнуў направа і вывеў Ладымера к балькону ў сад, з якога калісь паны Крэўскія любаваліся клюмбамі кветак, сажалкаю і маладым садком. Па шырокім многаступенным ганку яны падняліся да шырокіх шкляных дзьвярэй і ўвайшлі ў салю.

— Вось тут колісьці паны рабілі балі. Бачыце, колькі прастору, які тэатр можа быць, і выгляд добры... Я ўсё зьбіраюся зрабіць сцэну, ды што-ж — адзін...

— Я вам памагу, таварыш Парог, — шчыра выказаў Ладымер, здавальняючым паглядам абводзячы прастору вялікае залі: — Чаго-ж хацець, тут можна добрую сцэну ўстроіць! Вось к тэй сьцяне, а з тае ўваход. Памесьціцца, думаю, чалавек да трохсот. Я вам памагу... Я так люблю гэту справу!

Ладымер выкінуў з памяці тое, што ня еў, забыўся, куды йшлі, і ўвачавідкі цешыўся будучым тэатрам, які ён паставіць на належную вышыню і зробіць асяродкам культурнай працы.

Трэба к выпадку адмеціць, што, па словах Ладымера, ён змалку меў цягу да мастацтва, некалі прымаў удзел у любіцельскіх спэктаклях у сваім мястэчку, пасьля, выехаўшы ў Ленінград і ўступіўшы ў культурна-асьветнае рабочае вобчаства, іграў у рабочым клюбе; а з часу ўзвароту на бацькаўшчыну, пасьля Кастрычнікавай рэволюцыі, езьдзячы па саўхозах, першы ўсюды наладжваў тэатральную справу. Таксама прывучаў ён да акторства й сваю жонку Акіліну, якая, праўда, невялікую ахвоту мела да частых „выступленьняў“, але для рознастайнасьці не адказвалася выпаўняць просьбу мужа.

Рашыўшы ехаць у Скуплі, Ладымер, між усім іншым, меў у воку павясьці ў іх шырокую культурную чыннасьць. За два гады жыцьця па саўхозах ён убачыў, што з яго хоць і невялікімі ведамі, але з гарачаю ахвотаю, можна прынясьці вялікую карысьць цёмнаму сялянству. Гэту карысьць ён бачыў у пра-